З 15 сакавіка бягучага года начальнікам Валожынскага ўчастка паштовай сувязі прызначана Святлана Сяргееўна ЛУГІНА.
Ураджэнка Валожына ў 1997 годзе паспяхова скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе набыла спецыяльнасць эканаміста, а ў 2005-м звязала свой лёс з галіной у родным горадзе. Да 2018 года працавала вядучым эканамістам у Валожынскім вузле паштовай сувязі. У 2018 годзе, пасля рэарганізацыі, была пераведзена ў Маладзечанскі рэгіянальны вузел паштовай сувязі. С. С. Лугіна замужам, мае дачку-студэнтку.
Сёння ў падначаленні Святланы Сяргееўны 60 чалавек. Гэта моцны калектыў выключных прафесіяналаў, што пастаянна імкнуцца павышаць якасць паштовых паслуг, якімі ў тым ці іншым варыянце карыстаецца літаральна ўсё насельніцтва раёна. У Валожынскага ўчастка 18 аддзяленняў, адно з іх – перасоўнае. У вёсках Адамова і Камень абсталяваны пункты паштовай сувязі. Наладжана работа службы мотадастаўкі. Разносяць газеты, часопісы, лісты, поштоўкі, своечасова дастаўляюць пенсіі і пераводы 37 паштальёнаў (7 – горад, 30 – сельскія населеныя пункты).
Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ