Якасць насення праверана

Аграрный сектор и промышленность

Сельгаспрадпрыемствы раёна хутка прыступяць да пасяўной кампаніі. Спецыялістамі раённай інспекцыі па насенняводстве і ахове раслін праведзена вялікая работа па праверцы якасці насення.

Гэта абавязковая працэдура, без выканання якой сеяць нельга. Сёлета гаспадаркі Валожыншчыны на 121% забяспечаны кандыцыйным насенным матэрыялам зерневых і зернебабовых культур: пры неабходнасці 2778 тон яны маюць у наяўнасці 3372 тоны насення, якое адпавядае ўсім патрабаванням.

    Зразумела, што аснова добрага ўраджаю – высакаякаснае гатунковае насенне. Таму ў раёне інтэнсіўна вядзецца сортаабнаўленне. У кожнай сельгасарганізацыі элітнага насення павінна быць пасеяна не менш за 10-15% ад агульнай колькасці. На 25 сакавіка гаспадаркі набылі такога толькі 114,5 тоны, што складае 47,7% ад неабходнага. Найбольш насення вышэйшых рэпрадукцыйных гатункаў закуплена ў КСУП “Пяршаі-2014” і ААТ “Багданаўскае”.

    Набываюць гаспадаркі элітнае насенне ў асноўным у ДСГУ “Маладзечанская сортавыпрабавальная станцыя”, на эксперыментальнай базе “Натальеўск”, ААТ “Агранёманскі”, РУП “Шыпяны-АСК”. Сёлета ўжо закуплены ячмень гатункаў “мустанг”, “магутны”, “зубр”, яравая пшаніца “рассвет”, якія добра зарэкамендавалі сябе. З’явіўся і новы для раёна гатунак яравой пшаніцы – “славянка”.

    Сельгаспрадпрыемствам важна мець у дастатковай колькасці і кандыцыйнае праверанае насенне шматгадовых траў. У раёне ім забяспечаны на 91,4%. Пры патрэбнасці 171,5 тоны ў наяўнасці гаспадаркі маюць 156,68 тоны. СГУ “Бабровічы” закупіла насенне шматгадовых траў вышэйшых рэпрадукцый на РУП “Гродзенскі занальны інстытут па раслінаводстве НАН Беларусі”.

Да сяўбы насенне павінна быць поўнасцю пратручана. Забяспечанасць пратручвальнікамі на 25 сакавіка ў сярэднім па раёне склала 66%. На дадзеным этапе сельгаспрадпрыемствамі таксама актыўна праводзяцца тэндары і закупляюцца гербіцыды для хімічнай праполкі азімых зерневых і азімага рапсу. Набыта 34% ад неабходнага сродкаў аховы азімых зерневых.

Работнікі Валожынскай інспекцыі ажыццяўляюць праверку насення і па заяве прыватных кампаній. Толькі ТАА “Агрыкультура Тэхна” прадаставіла для гэтай мэты 414 тон насення шматгадовых траў. З падобнай просьбай таксама звярнуліся ТАА “Лакруа” і ЗАТ “Агранасенсэрвіс”.

    З надыходам цяпла ў гаспадароў прыватных сядзіб і дачнікаў вялікім попытам карыстаюцца дэкаратыўныя расліны. 127 найменняў такіх было праверана на якасць у СФГ “Дудчанка В. В.”, што знаходзіцца ў вёсцы Дубоўцы.

Хочацца звярнуць увагу спажыўцоў на тое, што кожны прыватнік абавязаны мець дакументы з пацвярджэннем якасці рэалізуемага насення, дэкаратыўных культур, саджанцаў і прадастаўляць іх па першым патрабаванні.

Анжэла РАДЫНА