Работнікі службы быту прымалі віншаванні

Важное Общество

Напярэдадні прафесійнага свята ў камбінаце бытавога абслугоўвання прайшло ўрачыстае мерапрыемства, на якое завіталі намеснік старшыні райвыканкама Вольга Багатырова, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Алена Клачко.

Дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Ціганін падвёў вынікі работы за мінулы год і шчыра павіншаваў усіх з Днём работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і пажадаў, каб прафесійныя амбіцыі кожнага рэалізоўваліся, праца прыносіла задавальненне і радасць, стомленасць была толькі прыемнай, навіны – добрымі, а вынікі працы – запатрабаванымі і карыснымі мноству людзей.

Затым прысутных вітала старшыня прафкама Анастасія Нахай. Леакадзія Якубель коратка паведаміла пра гісторыю Вішнеўскай службы быту. Добрыя словы з нагоды свята выказалі Іна Сівая, Алена Кушаль, Алена Яблонская. У чарговы раз скарысталася магчымасцю павіншаваць калег найстарэйшы работнік прадпрыемства Данута Сцефаноўская.

Вольга Багатырова засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што бытавыя паслугі з’яўляюцца аднымі з самых неабходных для насельніцтва. Праца ў гэтай сферы патрабуе цярпення, спецыяльных навыкаў, ведаў, адказнасці і самааддачы. Важна не толькі прадастаўляць паслугі належнай якасці, але і знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага кліента. Яна падзякавала ўсім за нялёгкую працу, добрасумленныя, уважлівыя адносіны да людзей, кампетэнтнасць, адданасць справе і ўручыла Ганаровыя граматы ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва Мінскай вобласці Ірыне Таўгень і Марыне Гасціловіч, а таксама Падзякі старшыні райвыканкама – Марыне Прыёмка і Надзеі Плявака.

Граматы прадпрыемства з рук кіраўніка атрымалі Таццяна Мазоль, Вольга Пяцько, Таццяна Іода, Таццяна Пашкоўская і Таццяна Кляпец. На Дошку гонару прадпрыемства прынята рашэнне занесці Ірыну Таўгень, Марыну Гасціловіч, Уладзіміра Матуса, Алену Шэстак.

Прадтаўнікі грамадскіх аб’яднанняў таксама з добрымі прыемнымі словамі звярнуліся да прысутных. Ад раённага аб’яднання прафсаюзаў Падзяку за добрасумленную працу і актыўнае грамадскае жыццё атрымала Алена Кушаль.

А Вользе Жалабковіч, Святлане Кербедзь, Маіне Пятровай і Леакадзіі Якубель ад ГА «Белая Русь» Алена Клачко падарыла сертыфікаты на набыццё тавараў у магазіне «Вясёлка».

Сёлета на святочным мерапрыемстве з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі не прысутнічалі ветэраны працы, але кіраўніцтва бязмерна ўдзячна ім за самаадданасць справе, захаванне традыцый прадпрыемства, вопыт, мудрасць і перадае сардэчныя віншаванні.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара