4 красавіка католікі адзначаюць Вялікдзень!

Главное Общество Официально

Паважаныя хрысціяне каталіцкага веравызнання, прыміце шчырыя віншаванні са святам Светлага Уваскрэсення Хрыстовага!

Вялікдзень – свята чалавекалюбства. У гэты дзень мы забываемся пра жыццёвыя цяжкасці і бязладзіцы, і ў нашых душах ярчэй разгараюцца агеньчыкі міласэрнасці і дабра, імкнення зрабіць свет вакол лепшым, а людзей вакол нас – больш шчаслівымі.

Мы ўсе добра разумеем, што не хлебам адзіным жывы чалавек, што паспяховае рашэнне эканамічных і сацыяльных праблем немагчыма ў грамадстве, дзе не выконваюцца хрысціянскія і агульначалавечыя запаведзі – не забі, не ўкрадзі, не пажадай зла бліжняму. Менавіта таму так важна для ўсіх нас развіццё духоўных і маральных арыенціраў, беражлівыя адносіны да традыцый, спачуванне, міласэрнасць.

У самае радаснае хрысціянскае свята ад душы жадаем, каб у вашых дамах і сем’ях заўсёды панавалі вера ў лепшае, дабро, любоў і шчасце. Няхай Вялікдзень нясе ў вашы сем’і дабрабыт, а кожны дзень поўніцца паспяховай стваральнай працай. Міру вам, шчасця, гармоніі і здароўя! Няхай гэты дзень напоўніць сэрцы любоўю і вясновым цяплом!

 Яўген КРУКОВІЧ, старшыня раённага выканаўчага камітэта,

Пётр БІБІК, старшыня раённага Савета дэпутатаў

 ********************************

З вялікай радасцю віншую ўсіх каталіцкіх вернікаў Валожыншчыны з Вялікаднем!

У гэтыя вясновыя дні сэрцы людзей напаўняюцца светлай радасцю Уваскрэсення Хрыстовага. Свята Вялікадня ўмацоўвае веру ў трыумф гуманізму і справядлівасці, сімвалізуе жыццесцвярджэнне, аб’ядноўвае ўсіх нас на аснове традыцыйных духоўных каштоўнасцей, падахвочвае да добрых спраў і ўчынкаў, спагады і міласэрнасці, заклікае задумацца аб вялікім сэнсе ахвяры ў імя любові і надзеі, абуджае ў душах імкненне жыць па сумленні.

Няхай у дзень, калі Хрыстос уваскрэс, адродзяцца ўсе надзеі, атрымаюць увасабленне даўнія мары, напоўняцца святочным святлом адносіны ў вашых сем’ях. Няхай Гасподзь чуе вашы шчырыя малітвы, дапамагае ў цяжкіх сітуацыях, дорыць усім згоду, мір, спагаду і любоў!

 З павагай, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7 склікання Алег СЕМЯНЧУК

 

Неба і Зямля радуюцца з Уваскрэсення Хрыстовага!

Дарагія мае парафіяне! Паважаныя жыхары Валожына і раёна, шаноўныя людзі чыстага сэрца і добрай волі! Вялікдзень – галоўнае свята ўсёй нашай веры. Так як Хрыстос памёр і з мёртвых паўстаў, так і кожны чалавек пасля зямной смерці з мёртвых паўстане да жыцця вечнага. Толькі адно ёсць пытанне: да якога жыцця ўваскрэсне? Шчаслівага, вечнага, без хваробаў, без смерці з Богам у небе, у раі, ці да вечных пакутаў у агні пякельным? Гэту будучыню ты, дарагі чалавек, выбіраеш сам і ўжо цяпер у часовым зямным жыцці.

Бог даў прыклад Сваёй любові і сказаў: “Даю вам новую запаведзь, каб вы любілі адзін анаго так, як Я вас палюбіў”. А ці выконваеш ты, дарагі чалавек, гэту Божую запаведзь у адносінах да сваёй сям’і, суседзяў, да калег па працы, да любога чалавека, якога сустракаеш на жыццёвым шляху? Чаму ў XXI стагоддзі свет, грамадства, шматлікія сем’і і людзі перапоўнены злосцю, нянавісцю, насіллем адзін да аднаго? Адказ на гэта пытанне: таму, што людзі адвярнуліся ад Бога і не жывуць па Яго запаведзі. Пакуль чалавек, грамадства і свет не прымуць асноўны закон узаемнай любові і не пачнуць па ім жыць, не будзе спакою і адзінства на Зямлі. Бог – гэта любоў, іншага шляху няма!

Вялікая Пятніца – дзень смерці Хрыста. Сын Божы бярэ крыж на свае плечы і распачынае крыжовы шлях на Галгофу. Крыж – грахі ўсяго чалавецтва, Езус Хрыстос узяў іх на сябе, каб выратаваць чалавека ад смерці вечнай. Ідучы крыжовай дарогай, Ён тры разы падае: не пад цяжарам крыжа, а пад цяжарам чалавечых грахоў. Бязбожнасць, п’янства, наркаманія, злосць, нянавісць, нецэнзурныя словы, праклёны, гвалт, падман, адсутнасць спачування да тых, хто патрабуе нашай дапамогі, адсутнасць у жыцці дабра, міласэрнасці, прабачэння, узаемнай згоды і братняй любові – усё гэта грахі людзей. Калі ласка, чалавек, паглядзі ўважліва на сваё штодзённае жыццё: чым яно напоўнена – дабром ці грахом? Можа, мае ці твае грахі былі прычынай падзення Хрыста? Калі так, то хутчэй праз святую споведзь ачысці сваю душу.

У Вялікую Пятніцу адбываецца адарацыя (ушанаванне) крыжа. Бо, з іншага боку, крыж – Божы знак збаўлення, выратавання, перамогі дабра над злом. Чалавек, які жыве пад апекай крыжа і мае знак крыжа на сваім сэрцы, ніколі не зробіць нічога дрэннага ні сабе, ні людзям. Ён прыносіць Богу радасць, і Бог праз святы знак дапамагае і абараняе яго ад зла. Бываюць у жыцці цяжкія, складаныя сітуацыі, калі чалавек падае, апускае рукі і гаворыць: “Бязвыхадная сітуацыя, не магу больш несці гэты крыж праблем, хвароб…” Дарагі чалавек, у такія хвіліны ўспомні пра Хрыста, які тройчы падаў пад цяжарам тваіх грахоў – падаў, але ізноў падымаўся. Так і ты не адчайвайся, праз святую споведзь падымайся і з малітвай, з Божай дапамогай ідзі далей хрысціянскай дарогай зямнога жыцця. І не грашы больш!

У Вялікую Суботу касцёл адкрыты ўвесь дзень – адбываецца малітоўная адарацыя Гроба Хрыста. Людзі прыносяць запіскі з імёнамі сваіх памерлых, і ксёндз перад Гробам Езуса Хрыста моліцца за іх душы. Памятаючы пра абавязак рабіць добрыя ўчынкі, чалавек пакідае ў касцёле перад Богам дары свайго сэрца: гасцінцы, прадукты і іншыя рэчы для людзей, якія патрабуюць нашай дапамогі. Кожны дар, кожная ахвяра запісваюцца на небе ў Кнізе Жыцця гэтага чалавека, і праз гэтыя дары ён багацее перад Богам.

На вячэрнім набажэнстве ў Вялікую Суботу кожны запаліць ад Пасхалу свянцоную свечку: яна сімвалізуе святло Уваскрэслага Хрыста. Трымаючы яе ў руках, мы будзем аднаўляць абяцанні, якія, ад нашага імя, давалі Богу бацькі і хросныя падчас нашага хрышчэння. Вельмі важна, каб кожны чалавек свядома пацвердзіў гэтыя абяцанні жыць з Богам.

Нядзеля – Вялікдзень, свята ўсіх свят, фундамент нашай веры! Назаўтра пойдзем у працэсіі рэзурэкцыйнай, абвяшчаючы радасць пустой магілы, радасць Хрыстовага Уваскрэсення. Мы ўзнёсла вітаем адзін аднаго словамі: “Хрыстос уваскрэс!”, і нам адказваюць: “Сапраўды ўваскрэс!” Шаноўны чалавек! А што гэтыя словы азначаюць канкрэтна для цябе? Сын Божы ўваскрэс і перамог смерць – гэта для нас, людзей, навука, прыклад і заклік. У зямным жыцці мы павінны перамагаць спакусы, грахі, слабасці. Чалавек, які робіць грахі, жыве з грахамі, – мёртвы ў вачах Божых. Таму кожны праз святы сакрамент споведзі павінен пакаяцца, ачысціць душу ад грахоў і ўваскрэснуць да Божага святога жыцця.

 Умілаваныя парафіяне! Дарагія хрысціяне, якія ў гэту нядзелю святкуюць Вялікдзень! Дарагія браты і сёстры праваслаўныя! Паважаныя валожынцы! Віншую вас з Вялікаднем! Няхай уваскрэслы Хрыстос адорвае вас і вашы сем’і здароўем душы і цела, вядзе бяспечнай, шчаслівай дарогай хрысціянскага жыцця, а Багародзіца Марыя няхай атуляе ўсіх людзей сваёй матчынай любоўю. А Яе матчына сэрца няхай вядзе нашу Бацькаўшчыну – Беларусь дарогай Божай праўды, Божай веры і Божага жыцця!

Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс! Са святам вас, дарагія людзі!

 З Божай любоўю і малітвай – ксёндз доктар Гэнрык АКАЛАТОВІЧ, пробашч Валожынскага касцёла Святога Юзафа