Пасяўная кампанія стартавала

Аграрный сектор и промышленность Важное

Маладому, але ўжо вопытнаму механізатару КСУП “Гародзькаўскае” Міхаілу Аляксандравічу ГАСЦІЛОВІЧУ кіраўніцтва гаспадаркі даверыла сяўбу ранніх яравых збожжавых культур. Ён ужо не першы год выконвае гэту тэхналагічную аперацыю. На трактары “Беларус 3522” з глебаапрацоўчым пасяўным агрэгатам “АПП 6Д”, па стане на 31 сакавіка, ён засеяў аўсом 59 га, што склала найбольшую плошчу па раёне.

У гаспадарках раёна распачалася пасяўная кампанія. Першымі ў мінулыя выхадныя прыступілі да работ хлебаробы СГУ “Бабровічы” і КСУП “Гародзькаўскае”. Паступова да іх далучаюцца іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна. Праца на палях ідзе поўным ходам: уносяцца ўгнаенні, вядзецца закрыццё вільгацці, ворыва і дыскаванне, падбор камянёў, падрыхтоўка глебы пад сяўбу яравых, падкормка азімых збожжавых. Кожны разумее, што вясновы дзень год корміць. Аграрыі настроены на якасную і выніковую працу, якая павінна закласці падмурак для добрага ўраджаю.

Механізатар СГУ “Бабровічы” Аляксандр Сцяпанавіч БУБНЕВІЧ шмат гадоў шчыруе на палетках гаспадаркі. Усё яго жыццё звязана з хлебаробскай справай. Сёлета вопытны работнік у чарговы раз на сваім “John Deere” прыступіў да сяўбы. Справа, канешне, для яго звыклая, але вельмі адказная, патрабуе асаблівай канцэнтрацыі. Мужчына дасканала ведае ўсе яе тонкасці, умее правільна адрэгуляваць норму высеву і строга выконвае тэхналогію заглыблення насення. На вытворчым участку “Палосная” стан глебы ўжо дазваляе праводзіць неабходныя палявыя работы, таму асаблівых складанасцей не ўзнікае.

Працы на зямлі прысвяціў сваё жыццё вадзіцель КСУП “Гародзькаўскае” Віктар Андрэевіч СКАПЕЦ. Некалькі разоў мяняліся назвы і межы гаспадаркі, куды некалі ўладкаваўся зусім маладым чалавекам. Ён жа заставаўся верным справе, якую абраў. Сёлета на пасяўной мужчына задзейнічаны на падвозе зерня. За шматлікія гады Віктару Андрэевічу давялося выконваць самыя розныя работы, але заўсёды ён вызначаўся добрасумленнасцю, адказнасцю і працавітасцю, за што карыстаецца вялікай павагай у калектыве.

Сёлета другая пасяўная кампанія для галоўнага агранома КСУП “Гародзькаўскае” Яўгенія Аляксандравіча ГАСЦІЛОВІЧА. Малады чалавек, які мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, разумее, што для выніковай працы неабходна пастаянна павышаць узровень сваіх ведаў. Таму паступіў на завочнае аддзяленне Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, дзе больш дасканала асвойвае агранамічную навуку. Яўгеній Аляксандравіч стараецца лішні раз зазірнуць на поле, каб пракантраляваць якасць праводзімых работ. Вялікую ўвагу ён надае якасці насення, што вельмі важна для атрымання добрага ўраджаю. Сёлета гаспадарка набыла 25 тон элітнага гатунку аўса “дэбют” і 15 тон новага для раёна гатунаку яравой пшаніцы “славянка”. Уласнае зерне, у тым ліку і першай рэпрадукцыі, поўнасцю адпавядае ўсім патрабаванням.

З першага дня пасяўной кампаніі працуе ў полі механізатар СГУ “Бабровічы” Мікалай Віктаравіч КАБУШКА. На сваім трактары “Беларус 1221.2” ён задзейнічаны на падвозе зерня. Па стане на 31 сакавіка, на вытворчым участку “Палосная” яравым трыцікале было засеяна 25 га. Усяго ж у гаспадарцы раннімі яравымі зерневымі і зернебабовымі культурамі запланавана засеяць 550 гектараў.

На падрыхтоўцы глебы пад пасеў на вытворчым участку “Палосная” задзейнічаны Андрэй Анатольевіч УЛАНЧЫК. З маленства ён палюбіў працу на зямлі, таму і вырашыў стаць хлебаробам, аб чым ніколькі не шкадуе. Механізатарскую справу ён добра ведае, ставіцца да яе адказна, таму забяспечвае высокія тэмпы і якасць работ. Замацаваная за ім тэхніка заўсёды знаходзіцца ў стане поўнай гатоўнасці. Галоўная  мэта дыскавання, якім мужчына на сённяшні дзень займаецца, – зрабіць верхні пласт глебы друзлым, гатовым прыняць зерне. 

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара