Сустрэча з любімымі песнямі

Важное Культура Общество

У чарговы раз фестываль выканаўцаў эстраднай песні мінулых гадоў “Залаты шлягер” сабраў сваіх прыхільнікаў у раённым Цэнтры культуры.

Музыка і творчасць не ведаюць межаў. Добрая песня заўсёды знаходзіць слухача, а любімыя хіты мінулых гадоў і сёння карыстаюцца вялікай папулярнасцю. 27 твораў з рэпертуару розных спевакоў прагучалі ў праграме і акунулі прысутных у свет рэтра-музыкі. Выканалі іх як вядомыя артысты раёна, так і тыя, для каго выступленне на фестывалі адбылося ўпершыню.

Распачала фестывальны марафон прадстаўніца Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Марына Яцкевіч (на здымку зверху) песняй “Жыццё”, абыграць якую дапамог ёй саліст РЦК Дзмітрый Завацкі. Салістка народнага хору ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” Ніна Тамковіч прадставіла на суд прысутных твор “Зоры ясныя” з рэпертуару ансамбля “Пташыца”, а яе калега па калектыве Яўгенія Прапаршчык – беларускую народную песню “Ночка цёмная”. Акампаніраваў ім Іван Таўгень.

Вельмі яскрава адбыліся дэбюты юных удзельніц фестывалю – навучэнкі Дорскага філіяла Івянецкай ДШМ Арыны Маргуновай, якая выканала “Чорнага ката” на словы Міхаіла Таніча, і салісткі Івянецкай ДШМ Софіі Лукашык, што пакарыла гледачоў музычным творам Джэймса Брайна “I feel good” і сваім артыстызмам, прадстаўніцы гімназіі № 1 г. Валожына Варвары Лянкевіч з песняй “Сонейка”, якая ўпершыню з’явілася ў 1998 годзе ў рэпертуары групы “Дэмо”. На ўра прысутныя прынялі кампазіцыю “Музыка нас звязала” з рэпертуару групы “Міраж” у выкананні Ганны Шакун.

Софія ЛУКАШЫК

 

Ганна ШАКУН

Незабыўнае ўражанне пакінулі пра сябе салісты Валожынскага РЦК Вольга Дзедуль, Вераніка Ляшкевіч і Таццяна Луганская, Івянецкага ДК Марыя Вайткевіч, Суднікаўскага СК Таццяна Часнок, Дорскага СДК Святлана Жыдовіч, Пугачоўскага СДК Наталля Жызнеўская, Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра Ларыса Шарко, Багданаўскага СЦК Яна Тапленкіна, Дубінскога СЦК Валерый Язерскі з такімі вядомымі і любімымі ўсімі песнямі, як “Стары клён”, “Зімовы сад”, “Гарадок”, “Замоўныя словы”, “Белая чаромха духмяная”, “Надзея”, “На сэрцы рана ў мяне”, “Хутаранка”, “Я люблю цябе да слёз” з рэпертуару вядомых у свой час артыстаў эстрады Аляксея Глызіна, Вольгі Зарубінай, Ганны Герман, Марыны Жураўлёвай, Сафіі Ратару, Аляксандра Сярова і інш.

Салісты Валожынскага РЦК Таццяна Луганская і Мікалай Салко, Івянецкага ДК Татэвік Грыгаран упершыню прынялі ўдзел у “Залатым шлягеры”. У іх выкананні вельмі прафесійна прагучалі творы “Я болей не прашу” групы “Міраж” і “Там, дзе клён шуміць” ВІА “Сіняя птушка”, “Humanity”.

Вакальная група “Верас” і яе прадстаўнікі прапанавалі ўвазе гледачоў музычныя творы “Над акенцам месяц май” і “Не забывай”. Іосіф Сухавецкі падарыў прысутным песню з рэпертуару Яўгена Осіна “Партрэт работы Пабла Пікасо”.

Упершыню выступіў на фестывалі актыўны ўдзельнік святочных раённых мерапрыемстваў і канцэртаў Аляксандр Шакун. Гледачы шчырымі апладысментамі аддзячылі яму за песню “Дзе ж ты была” з рэпертуару Вячаслава Дабрыніна. Прыемныя пачуцці выклікала выступленне дуэта з Падбярэзскага СЦК Ліліі Маразоўскай і Ігара Гурбана. Яны вельмі душэўна спелі “Снег кружыцца” ВІА “Полымя”. Пранікнёна і ўсхвалявана прагучала песня “Памолімся за бацькоў” у выкананні Алісы Васіленка з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці. Усю душу ўклала ў сваё выступленне дэбютантка фестывалю Карына Шыкуць з Івянецкай ДШМ.

Эпагеем фестывалю стала выступленне саліста Гародзькаўскага філіяла Валожынскай ДШМ Сяргея Галваноўскага, магутны, чаруючы голас якога разнёс па зале такую блізкую кожнаму мелодыю “Вярні мне музыку” і цалкам пакарыў прысутных.

Сяргей ГАЛВАНОЎСКІ

Час фестывалю праляцеў незаўважна. Прыхільнікі рэтра-музыкі выдатна адпачылі з любімымі песнямі і атрымалі сапраўдную асалоду.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара