Сувенірная крама дзейнічае ў Івянцы

Без рубрики

Фарміраванне адукацыйнага асяроддзя ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі разглядаецца як інвестыцыя ў паступальнае развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы краіны. У сувязі з гэтым фарміруецца новая практыка атрымання сучасных ведаў, дзе прадпрымальніцкая ініцыятыва і фінансавая пісьменнасць падрастаючага пакалення адпавядаюць патрабаванням часу.

Пасёлак Івянец здаўна ўваходзіць у лік галоўных ганчарных цэнтраў краіны. Таму нядзіўна, што ў мясцовым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі вялікая ўвага надаецца захаванню, развіццю і перадачы маладому пакаленню традыцый майстроў керамічнай справы, мастацкія магчымасці якой сапраўды невычэрпныя. Гэта стала падставай для стварэння на базе ўстановы дадатковай адукацыі сувенірнай крамы «Гліняны звон».

Падчас яе адкрыцця 1 сакавіка бягучага года ў ролі гаспадароў выступілі навучэнцы ўзорнай студыі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве «Натхненне» Аліна Зайлянкова і Аляксей Рындзевіч. Рабяты сустрэлі гасцей, правялі для іх экскурсію па цэнтры творчасці, а ў выставачным пакоі распавядалі аб старажытным традыцыйным рамястве сваёй малой радзімы і прадставілі ўвазе прысутных відэапрэзентацыю пра вядомых івянецкіх майстроў ганчарнай і керамічнай справы.

Жыхары і госці гарадскога пасёлка цяпер могуць набыць у сувенірнай краме вырабы ручной работы такіх відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як выцінанка і разьба па дрэве, а таксама рэчы з тканіны і фетру, разнастайныя абярэгі і многае іншае. Найбольш жа для продажу прадстаўлена тавараў з гліны з традыцыйным дэкорам з прыўнясеннем у яго сучасных элементаў.

У рабят, што займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, цяпер з’явілася каштоўная магчымасць пачаць спасцігаць асновы прадпрымальніцтва.

Наш кар.