Ветэраны яшчэ ў страі і многае могуць

Общество

Цяперашні і былы лідары ветэранскага руху раёна Т. Ф. ЦІГАНІНА і Р. М. РУСАКЕВІЧ знаёмяцца з выставамі работ.

Напрыканцы сакавіка ў зале рэспубліканскага Палаца культуры ветэранаў у сталіцы прайшла IX справаздачна-выбарная канферэнцыя Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў. Валожыншчыну на ёй прадстаўлялі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Фёдараўна ЦІГАНІНА, член савета Рыгор Мікалаевіч РУСАКЕВІЧ і сакратар Лілія Іванаўна НАХАЙ.

Тавар валожынскай майстрыхі прапануе Л. І. Нахай (на здымку справа).

У Мінскую абласную арганізацыю ветэранаў уваходзяць больш за 700 пярвічак, якія аб’ядноўваюць каля 300 тысяч ветэранаў вайны, працы, Узброеных сіл і праваахоўных органаў.

Старшыня савета абласной структуры Казімір Браніслававіч Чарапкоўскі зрабіў падрабязную справаздачу аб дзейнасці арганізацыі за апошнія пяць гадоў і расказаў аб задачах на бліжэйшую пяцігодку. У прыватнасці, ён адзначыў, што для падняцця прэстыжу рабочых прафесій на працягу 2022 года будуць падрыхтаваны відэаматэрыялы аб заслужаных ветэранах працы, узнагароджаных дзяржаўнымі медалямі і маючых ганаровыя званні, пад дэвізам “Гісторыя краіны праз працоўную гісторыю маёй сям’і”.

У выступленнях дэлегатаў канферэнцыі адзначалася значная актывізацыя ветэранскіх фарміраванняў у арганізацыйных пытаннях, мерапрыемствах па захаванні памяці культурнай спадчыны і героях-земляках, удзел у валанцёрскім руху, добраўпарадкаванні тэрыторый па месцы жыхарства, арганізацыі і правядзенні дзяржаўных свят, узаемадзеянні з органамі кіравання і грамадскімі арганізацыямі.

Як адзначыла дэлегат канферэнцыі Т. Ф. Ціганіна, вельмі запала ў душу цёплая атмасфера і дабрыня ўзаемаадносін: адчувалася прыемная настальгія аб юнацтве, аб пражытых гадах, калі мы былі маладыя і шчаслівыя. “Па родзе сваёй цяперашняй дзейнасці я ўпершыню прысутнічала на такім мерапрыемстве, – адзначыла яна. – Для сябе ўзяла шмат цікавага і карыснага. У далейшай рабоце буду стараццца пераймаць жыццёвую мудрасць людзей старэйшага пакалення. Паспрабуем па прыкладзе іншых раёнаў арганізаваць конкурсы пажылых людзей сумесна з маладым пакаленнем. Самае асноўнае на бліжэйшы час – стварэнне пярвічных арганізацый з ліку актыўных і паважаных людзей Валожыншчыны. Такая дамоўленасць ужо ёсць з трыма актывістамі ў горадзе. Наша аб’яднанне падтрымліваюць мясцовая ўлада і раённыя структуры – гэта радуе і надае надзею, што разам мы зможам паказаць, што ветэраны яшчэ ў страі і многае могуць, іх толькі трэба арганізаваць і натхніць на сумесную работу”.

Дэлегаты канферэнцыі далі станоўчую адзнаку рабоце савета і абралі яго новы склад. Узначальваць ветэранаў вобласці па-ранейшаму будзе К. Б. Чарапкоўскі.

Прыемным момантам стала ўзнагароджанне. Так, Граматай савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў і каштоўным падарункам быў ушанаваны Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, які больш за 15 гадоў узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю.

Таксама хочацца адзначыць, што ў фае Палацы культуры была арганізавана экспазіцыя “Творчасць ветэранаў”, на якой былі прадстаўлены прыгожыя ажурныя вязаныя хусткі ветэрана працы Ніны Сямёнаўны Казыра з райцэнтра. Яе работы сталі своеасаблівай адметнасцю нашага краю і яшчэ раз пацвердзілі, што на Валожыншчыне жывуць вельмі таленавітыя людзі. 

Алена ЗАЛЕСКАЯ