Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

 

За першыя тры месяцы года рашэннем райвыканкама сямейны капітал прызначаны 16 маці, якія нарадзілі трэцяе і наступнае дзіця. У сакавіку сямейны капітал атрымалі 7 жанчын-маці.

На бягучы год для інвалідаў па зроку нашага раёна будзе выдаткавана 8 пуцёвак у санаторый “Пад’ельнікі”, які належыць Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку і знаходзіцца ў Уздзенскім раёне.

Пуцёўкі выдзяляюцца бясплатна праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У першым квартале паправіў здароўе толькі адзін чалавек. Жадаючых пабываць у санаторыі значна больш, чым выдзяляецца пуцёвак.

У канцы сакавіка ў раённым Цэнтры культуры прайшлі заняткі школы прафесіянальнага майстэрства з удзелам кіраўнікоў сельскіх устаноў культуры клубнага тыпу. Першай брала слова дырэктар РЦК А. І. Конаўка, якая прааналізавала работу за першы квартал года і пазнаёміла з выкананнем плана па паступленні пазабюджэтных сродкаў.

Правядзенне вольнага часу жыхароў раёна ў многім залежыць ад работы ўстаноў культуры, арганізатарскіх здольнасцей работнікаў і якасці мерапрыемстваў, што праводзяцца там. А вось як прадставіць інфармацыю пра гэта на сайт, у СМІ, як рэкламаваць сваю работу, расказала прысутным загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела С. Журавец. Падчас заняткаў метадыст РЦК А. Шадрына дала рэкамендацыі, як рыхтаваць сцэнарыі мерапрыемстваў, а рэдактар С. Бабровіч – як зрабіць якасныя фотаздымкі. Загадчыца дзіцячага аддзела А. Санюковіч падвяла вынікі маніторынгу па арганізацыі работы з непаўналетнімі. Надзвычай цікавым быў для ўсіх майстар-клас “Упрыгажэнні з сурвэтак”, які правяла кіраўнік народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Н. Клімянок. Матэрыял ілюстраваўся макетамі і сувенірамі “Велікоднае яйка”, “Птушка”, “Кветка лілея”. Гэта дазволіла ўдзельнікам семінара-практыкума пазнаёміцца з тэхналогіяй вырабу падзелак з сурвэтак. Затым калегі абмяняліся думкамі, падзяліліся ўласным вопытам.

У апошні дзень сакавіка Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця наведалі ўдзельнікі цыркавой студыі “Бом” з гарадскога пасёлка Фаніпаль. Дзеці падрыхтавалі для сваіх равеснікаў праграму, прысвечаную Дню смеха.

Перад пачаткам прадстаўлення з гледачамі працавала аніматар, якая адразу стварыла адпаведны гумарыстычны настрой. А самі юныя цыркавыя артысты паказалі каля 15 розных нумароў, у якіх удзельнічалі дзеці і падлеткі ад 6 да 15 гадоў. Пасля адбылося агульнае застолле. Госці прывезлі шмат ласункаў для салодкага стала. Іх бацькі перадалі ў дом-інтэрнат адзенне, матэрыялы для творчасці – малюнкі па нумарах, рамкі, фарбы, алоўкі і інш. Хочацца спадзявацца, што ў гэтага знаёмства будзе працяг.

Сапраўдны бэбі-бум назіраўся ў рэспубліканскім дзяржаўным заказніку “Налібоцкі” летась, калі навасёлы пушчы – тарпанападобныя коні – нарадзілі каля 40 жарабят. Сёлета ў статку з’явіліся ўжо 2 нованароджаныя.

Спецыялісты спадзяюцца, што пагалоўе конікаў у 2021 годзе таксама значна павялічыцца.

У Геранёнскай дзіцячай школе мастацтваў (Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці) прайшоў І адкрыты рэгіянальны шматжанравы фестываль-конкурс “Гуляй, Масленіца!”. Фестываль, у якім бралі ўдзел выхаванцы ДШМ, музычных і адукацыйных школ і студый, дзіцячых дашкольных устаноў, Дамоў культуры і цэнтраў творчасці, праходзіў у рэжыме анлайн.

 У намінацыі “Інструментальнае выкананне: духавыя інструменты” выхаванцы Валожынскай школы мастацтваў Ягор Казлоў (саксафон) і Арсеній Гаспарэвіч (маракасы) сталі лаўрэатамі трэцяй ступені. Наш дуэт выканаў папулярную мелодыю “Бэсамэ муча”.

У адзін з канікулярных дзён больш за 40 членаў прафсаюзнай арганізацыі Ракаўскай сярэдняй школы пабывалі ў Рубяжэвічах і наведалі першы ў краіне парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”.

Была надзвычай цікавая і пазнавальная паездка. Такі сумесны адпачынак запомніцца ўсім надоўга.