Прафесія як гарант жыццёвай паспяховасці

Общество Ступені поспеху

На ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята работнік РУП “Валожынскі жылкамунгас” Дзмітрый Яўгеньевіч РУДОВІЧ адзначаны Ганаровай граматай райвыканкама. У калектыве камунальнікаў прафесійнага кранаўшчыка (мае сёмы, самы значны разрад) цэняць. Ён жа ў сваю чаргу працуе з душой, радуецца магчымасці паказаць здольнасці, скарыстаць нажыты вопыт.

Пра тое, што яго прафесія будзе звязана з аўтатэхнікай, вырашыў яшчэ ў дзіцячым узросце. Прыкладам стаў бацька – шафёр райаграпрамтэхнікі. А аднойчы хлопчыку давялося паназіраць за работай пад’ёмнага крана. Убачанае захапіла, захацелася і самому авалодаць такім жа, на яго думку, небывалым уменнем.

Пасля школы накіраваўся ў Валожынскае ПТВ-208, каб спачатку асвоіць спецыяльнасць вадзіцеля. Вучыцца было лёгка і цікава. Цвёрда ўсведамляў, да чаго імкнецца. Нядоўга папрацаваў у райспажыўтаварыстве, так бы мовіць, замацаваў навыкі ў кіраванні аўтамабілем, затым перайшоў у ЖКГ. Спачатку вазіў кіраўніка на “Волзе”. Паказаў сябе работнікам адказным, чалавекам сур’ёзным і нарэшце атрымаў накіраванне на курсы кранаўшчыкоў.

Стаць прафесіяналам аказалася не вельмі проста. Кран – тэхніка, пры працы з якой патрабуюцца асаблівая ўважлівасць і дакладнасць. Кранаўшчык нясе адказнасць не толькі за сябе, але і за бяспеку тых работнікаў, што прымаюць удзел у выкананні пэўнай работы. Яму даводзіцца трымаць сябе ў пастаянным напружанні, улічваць розныя нюансы.

За рулём свайго жоўтага жалезнага сябра Дзмітрый Яўгеньевіч ужо 14 гадоў. Кітайская тэхніка адпавядае ўсім патрабаванням сучаснасці – мабільная, паслухмяная, манеўраная. Працаваць на ёй такому прафесіяналу, як Дзмітрый Рудовіч, камфортна і цікава. Відаць, менавіта таму руплівец радуецца кожнаму заданню – яно дае чарговую магчымасць для прафесійнага самавызначэння. Калегі характарызуюць як аднаго з самых адказных і працавітых работнікаў. Немагчыма пералічыць усе аб’екты будаўніцтва ці рамонту на тэрыторыі Валожыншчыны, якія праходзілі з непасрэдным удзелам 20-тоннай машыны і яе вадзіцеля.

У мужчыны ў працоўнай кніжцы ўсяго два запісы, і ён шчыра ганарыцца гэтым фактам. 15 гадоў працы ў жылкамунгасе літаральна зраднілі з калектывам. Дарэчы, тут жа працуе і жонка Ганна Іванаўна. Дзмітрый упэўнены: прыналежнасць да адной каманды мужа і жонкі – цудоўны варыянт вырашэння многіх жыццёвых пытанняў. “Дома і на працы разам, значыць, і па жыцці разам”, – так разважае сем’янін. Поруч яны і ў дачных клопатах. Набылі стары дом у вёсцы Шапавалы і старанна прыводзяць у парадак невялікі надзел. Маецца ў Дзмітрыя і хобі. Самастойна стварае праекты трактарнай тэхнікі. Ужо змайстраваў некалькі экзэмпляраў, сярод іх – капалка, саджалка, культыватар. У планах – сабраць квадрацыкл.

Сёння, калі паспеў адзначыць саракагоддзе, Дзмітрый прызнаецца: “Шкадую, што не пайшоў вучыцца на інжынера”. Відавочна, разумны, энергічны чалавек мог бы атрымаць як сярэднюю спецыяльную, так і вышэйшую адукацыю. Магчыма, услед за дачкой-студэнткай, яшчэ рашыцца сесці за студэнцкую парту. Але, калі нават гэта і не здарыцца, ён трывала стаіць на нагах, яго не самая распаўсюджаная спецыяльнасць –  моцны гарант прафесійнай запатрабаванасці і жыццёвай паспяховасці.