Каб знішчыць бар’еры

Общество

Кіраўнікі і ўдзельнікі трэнінгу.

На базе ТЦСАН тройчы прайшлі  трохдзённыя трэнінгі “Ясная мова для прафесіяналаў” з удзелам спецыялістаў і выхаванцаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з райцэнтраў Міншчыны. З боку валожынскай сацыяльнай установы на сустрэчы прысутнічалі Дар’я Жук і Дзмітрый Канановіч.

 Работа ў праекце “Ясная мова: стандартызацыя і пашырэнне даступнасці” ажыццяўляецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі (праграма рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага  супрацоўніцтва і развіцця германскага  таварыства па міжнародным супрацоўніцтве) грамадскім аб’яднаннем “Гід па жыцці”, Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам у партнёрстве з іншымі арганізацыямі і ўстановамі пры падтрымцы Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта – пашырэнне даступнасці і забеспячэнне якасці інфармацыйнага поля ў Беларусі для людзей з цяжкасцямі ў навучанні і разуменні інфармацыі.   

Прадстаўніцы БелАДДІіМІ, спецыялісты па яснай мове Таццяна Грышан і Вераніка Кавалёва ў чарговы раз патлумачылі ўдзельнікам праекта асаблівасці і неабходнасць выкарыстання менавіта яснай мовы, якая працуе на стварэнне безбар’ернага камунікатыўнага асяроддзя, пры рабоце з людзьмі з інваліднасцю.  

Прадстаўнікі саццэнтраў паўдзельнічалі ў трох частках трэнінгу. Яны аналізавалі дамашнія заданні, атрыманая на мінулых сустрэчах, вучыліся мастацтву задаваць пытанні, фармаціраваць тэксты, ствараць прэзентацыі на яснай мове, выконвалі тэставыя і творчыя заданні. На трэці дзень да спецыялістаў далучаліся іх выхаванцы. Маладыя людзі з інваліднасцю выступалі ў ролі ацэншчыкаў выкананых заданняў.

Усе разы юнакі і дзяўчаты знаходзіліся ў цесным кантакце з калектывам Валожынскага аддзялення дзённага наведвання для людзей з інваліднасцю. Для іх групы праведзены майстар-класы, заняткі, скіраваныя на павышэнне камунікатыўных навыкаў. Паўдзельнічала моладзь у спартакіядзе і экскурсійнай паездцы. Намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Пратасевіч падзякавала спецыялістам па яснай мове за ўклад у стварэнне безбар’ернага асяроддзя, а ўсім удзельнікам трэнінгу пажадала не толькі спасцігаць новыя веды, але і прымяняць іх у сваёй працоўнай дзейнасці і асабістым жыцці.