Памяць жывая

Молодежный курьер Общество

З 25 па 30 сакавіка валанцёры Валожынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» сумесна з гімназіяй № 1 райцэнтра прынялі ўдзел у міжнародным маладзёжным анлайн-лагеры «Памяць жывая».

У рамках праграмы прайшлі экскурсіі да мемарыяла «Смуткуючая маці» і комплексу «Загінуўшых чакаюць вечна» ў аграгарадку Доры, а таксама ў музей Дорскай школы. Затым валанцёры – гімназісткі Дзіяна Шаргародская, Ульяна Ціганіна, Валерыя Калугіна, Настасся Малішэўская, Паліна Поляк, Дар’я Саевіч і Ірына Шакун – падрыхтавалі прэзентацыю пра мемарыялы нашага раёна на англійскай мове і прадставілі яе іншаземным удзельнікам лагера праз платформу «Zoom».

Як паведаміў сакратар РАА ГА «ХСДМ» Уладзімір Малашкевіч, Валожын удзельнічае ў акцыях памяці з 2001 года. Традыцыйна яны праходзяць на базе колішняга канцэнтрацыйнага лагера Берген-Бельзен – месца, дзе загінула 15-гадовая Ганна Франк – аўтар сусветна вядомага дзённіка, у якім расказваецца пра жахі Халакоста. У ліку краін-удзельніц – Беларусь, Германія, Расія, Украіна, Польшча, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка і інш.

Фота Уладзіміра МАЛАШКЕВІЧА