Мохавыя мячы ляўкобрыя шызага

Кругозор

У хвойных лясах і на пустках, а таксама на ўскраінах балот, на ствалах старых дрэў або на паўразбураных пнях часам можна сустрэць ляўкобрыя шызага.

Гэты мох нічым, здавалася б, не вылучаецца: у яго шчыльныя, зверху светла-зялёныя дзярновінкі-падушачкі вышынёй у чвэрць метра, якія складаюцца з галінастых сцяблінак з кароценькімі яйцападобнымі лісточкамі даўжынёй да аднаго сантыметра. Нярэдка ўсе іх вострыя кончыкі накіраваны ў адзін бок, нібы падпарадкоўваючыся нейкай нябачнай сіле. Споры расліны да восені хаваюцца ў бураватай і бліскучай, нібы адпаліраванай, каробачцы, вечка якой зверху, быццам рыцарскі шлем султана, упрыгожана доўгім вырастам.

Але ёсць у ляўкобрыя шызага адна арыгінальная асаблівасць: часам ён утварае шары дыяметрам з кулак дарослага чалавека, якія складаюцца з сотняў сплеценых адна з адной сцяблінак. Зразумела, што гэта – вынік шматмесячнага, а можа, і шматгадовага росту. Прычым дзіўныя тварэнні прыроды абсалютна не звязаны з глебай або з іншымі цвёрдымі прадметамі. Яны вольныя ў сваіх рухах, як маленькія перакаці-поле. Харчаванне ж шару пастаўляе дажджавая вада, у якой знаходзяцца ўсе неабходныя для яго мінеральныя рэчывы.

Як жа з’яўляюцца зялёныя клубкі? Аказваецца, актыўны ўдзел у іх стварэнні прымаюць і людзі, і птушкі, і звяры, калі пераварочваюць маленькія мохавыя падушачкі. Тады на іх з’яўляюцца дадатковыя пупышкі, з якіх затым вырастаюць новыя парасткі, паступова надаючы падушачцы шарападобную форму.