Дзераза, якая схавалася пад зямлю

Кругозор

У хвойных лясах часам можна зачапіцца нагой за сцябло расліны, якая нагадвае сабой зялёную нітку. Ад яе прыўздымаюцца ўверх галінкі, што густа абсыпаны дробнымі лісточкамі, падобнымі на ігліцу. У ліпені-жніўні на кончыках галін развіваюцца тры-пяць каласкоў са спарангіямі, дзе знаходзяцца жоўтыя споры. Называецца гэта расліна дзераза, або лікаподый.

Споры дзеразы маюць два тыпы прарастання: падземнае і наземнае. У першым выпадку яны ўпадаюць у працяглы спакой, падчас якога пакрываюцца пластом з мінеральных часціц і расліннага дэтрыту, і пры гэтым усё глыбей укараняюцца ў глебу.

Праляжаўшы ў пласце перагною пяць-восем гадоў, споры тут жа, пад зямлёй, прарастаюць. І што дзіўна, як толькі з яе ўтворыцца гаметафіт, амаль адразу ж у некаторыя яго клеткі пранікаюць тонкія гіфы глебавых грыбоў.

Працэс падземнага росту працягваецца вельмі доўга: ад шасці да пятнаццаці гадоў. Увесь час маленечкае цельца дзеразы атрымлівае “ежу” ад грыба. Калі ж да паверхні глебы застаецца некалькі сантыметраў, гаметафіт спее, і на ім з’яўляюцца мужчынскія і жаночыя палавыя органы.

У пласце перагною адбываецца і апладненне, і хуткае прарастанне зіготы, з якой узнікае зародак, пазней – лісце і дадатковы корань.

Пройдзе некалькі гадоў, калі першы парастак выберацца на паверхню зямлі. І ўвесь гэты час ён будзе звязаны ножкай, нібы пупавінай, з гаметафітам, які забяспечвае яго пажыўнымі рэчывамі.

І толькі прабіўшыся да святла, парастак зазелянее і пачне харчавацца самастойна. З моманту, як спора ўпадзе на зямлю, і да з’яўлення з глебы парастка праходзяць ні многа ні мала, а пятнаццаць-дваццаць гадоў…

Але, аказваецца, і дарослая дзераза таксама мае асаблівасць, якую, можна сказаць, запазычыла ў грыбоў. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе яе тактыка захопу тэрыторый, што, у рэшце рэшт, прыводзіць да ўтварэння “ведзьміных кольцаў”. Парасткі маладой дзеразы галінуюцца і падаўжаюцца, і ў выніку з’яўляецца невялікая круглая курціна. У далейшым актыўнае разрастанне вонкавых парасткаў і адміранне ўнутраных прыводзяць да з’яўлення “ведзьміных кольцаў”. Іх узрост, як паказалі разлікі, можа дасягаць трохсот гадоў.

Некаторыя віды дзеразы сінтэзуюць таксін, які па сваім уздзеянні на арганізм падобны на знакаміты яд курарэ.