Бліскучая перамога

Ступені поспеху

Дыплом II ступені – такі вынік атрымала вучаніца 11 “Б” класа СШ № 1 г. Валожына Ганна РАДЗІВІЛКА ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. Рыхтавала яе настаўніца Іна Леанідаўна КЕРБЕДЗЬ.

Спаборніцтвы па гэтым прадмеце адбыліся падчас вясенніх канікулаў на базе СШ № 7 г. Кобрына. Г. Радзівілка ўвайшла ў склад каманды Мінскай вобласці з 5 вучаніц, усяго ж удзел прынялі  37 дзяўчат – пераможцаў абласнога этапу.

Заключная рэспубліканская алімпіяда па працоўным навучанні праходзіла па двух кірунках – абслуговая і тэхнічная праца і складалася з тэарэтычнага і практычнага тураў. Наша выпускніца паказала бліскучыя веды: па тэстах атрымала шосты вынік, а вось на практыцы стала першай у рэспубліцы! Ганна прызнаецца, што моцна хвалявалася: “Заданні былі вельмі складаныя, баялася, што не спраўлюся. Асабліва панікавала на практыцы, дзе трэба было з мноства дэталяў тканіны пашыць арганайзер – балы выстаўляліся па кожным зробленым шыўку, па кожным прашытым на швейнай машынцы радку. А калі даведалася пра перамогу, адразу нават не паверыла: безумоўна ж, на штосьці разлічвала, але не на такі высокі вынік. Бо гэта рэспубліка, дзе памерацца здольнасцямі сабраліся лепшыя з лепшых! Усё атрымалася супер! Я вельмі задаволена!”

Настаўніца І. Л. Кербедзь адзначыла: “Рада, што нашы надзеі апраўдаліся: столькі работы праведзена і, галоўнае, недарэмна. Займаліся шмат: і на занятках, і ў вольны час – хацелася быць не апошнімі. Гэта надта высокая ступенька, бо на рэспубліцы выступалі ўпершыню. Перамозе папярэднічалі пяць гадоў напружанай, скрупулёзнай працы. Такая акуратнасць і дэталёвасць у адносінах да шыцця, як у Ганны, мала ў каго ёсць. Глядзіш на яе работу – і любуешся: настолькі ўсё роўненька, прыгожа, шывок да шыўка”.

Ганна Радзівілка хоча стаць дызайнерам адзення. Пажадаем ёй поспехаў у здзяйсненні мары. І, хто ведае, можа ў будучым яна стане прафесіяналам у індустрыі высокай моды і створыць мадэлі пад уласным брэндам.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА