Яны прайшлі выпрабаванне вайной…

Беларусь помнит, Минщина гордится Люди и судьбы

11 красавіка – міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

Гэта дата адзначаецца ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года.

Фашысцкі парадак на тэрыторыі Беларусі ўкараняўся праз генацыд і масавы тэрор. За час гітлераўскай акупацыі на прымусовыя работы ў Германію былі вывезены амаль 400000 жыхароў Беларусі. Каля паловы з іх загінулі ў няволі.

На тэрыторыі Беларусі нацысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Па далёка не поўных даных, тут загінулі звыш 1400000 чалавек. Масава ўчыняліся забойствы яўрэйскага насельніцтва і яўрэяў, дэпартаваных з Заходняй Еўропы. Па колькасці ахвяр (206500 чалавек) лагер смерці Трасцянец лічыцца адным з найбуйнейшых у Еўропе. У сакавіку 1944 года ў лагеры смерці, арганізаваныя нацыстамі каля населеных пунктаў Азарычы, Падасіннік і Дзерць, былі сагнаны каля 50000 старых, дзяцей, жанчын, інвалідаў, людзей, хворых на тыф. Да вызвалення 65-й арміяй 1-га Беларускага фронта 18-19 сакавіка 1944 года тут загінулі ад 9000 да 13000 чалавек. У матэрыялах Нюрнбергскага працэсу называліся лічбы вызваленых: дзяцей да 13 гадоў – 15960 чалавек, непрацаздольных жанчын – 13072 і старых – 4448.

З моманту заканчэння Другой сусветнай вайны прайшло шмат гадоў. Але для вязняў, якія асабіста прайшлі скрозь жахі фашысцкіх засценкаў, тыя страшныя падзеі і сёння трывожаць памяць і болем адгукаюцца ў сэрцы.

У Валожынскім раёне на дадзены момант зарэгістраваны 18 былых непаўналетніх і 5 паўналетніх вязняў. Гэта Ева Васільеўна Барадака з Валожына, Ганна Сямёнаўна Бацян з Расолішкаў, Надзея Іванаўна Каваленка са Шчаўканаў, Надзея Піліпаўна Самахвастоўская з Падкаліны, Антон Іванавіч Башура і Тарэса Францаўна Капуста з Івянца, Іосіф Іосіфавіч Мазанік з Далідавічаў, Кацярына Іосіфаўна Савіна з Сівіцы, Ірына Іванаўна Шунейка з Проўжалаў, Аляксандр Казіміравіч Лабанок з Вялікага Поля, Марыя Ігнатаўна Сарока з Крапіўнікаў, Леаніла Адамаўна Барткевіч, Леаніда Лявонцьеўна Кукліс, Валянціна Пракопаўна Паўлоўская і Іна Леанідаўна Загорская з Ракава, Яўгенія Міхайлаўна Раманчык і Зінаіда Рыгораўна Стахевіч з Бузуноў, Ніна Мацвееўна Серафіновіч з Паморшчыны, а таксама Валянціна Фёдараўна Навіцкая з Валожына, Іван Несцеравіч Барадака з Жураўцаў, Ніна Аляксандраўна Ланчанка з Люташы, Васіль Іванавіч Сліж з Асінаўшчыны і Настасся Пятроўна Пляцінская з Покуцяў. Кожны з вышэйпералічаных заслугоўвае нашай увагі і клопату. На жаль, з кожным годам іх становіцца ўсё менш. Самаму маладзейшаму з гэтых пажылых людзей на сённяшні дзень споўнілася 77 гадоў, старэйшаму – 97.

    Антон Іванавіч БАШУРА – адзін з непаўналетніх вязняў. З ваеннага маленства ў памяці мужчыны захаваліся толькі некалькі самых яркіх момантаў. Гэта і зразумела: нарадзіўся ён у 1941 годзе.

Яго родную вёску Налібокі, што на Стаўбцоўшчыне, спалілі. Бацька быў расстраляны фашыстамі. Маці разам з малым, як і ўсіх жанчын з вёскі, узялі ў палон і адправілі на Нямеччыну ў канцлагер. Хлопчыку на той час не было яшчэ і двух гадоў, але ў памяць урэзалася, як разам з іншымі дзецьмі яны хадзілі да будынка сталовай збіраць лупіны, рэшткі ежы, каб хоць трохі ўтаймаваць пастаянны голад. Не забылася і пачуццё жудаснага страху, якое ахоплівала, калі чаргой з аўтамата расстрэльвалі кожнага дарослага, хто спрабаваў туды наблізіцца. Матуля пасля са слязамі на вачах часта расказвала пра пакуты, прыгнёт, цяжкасці жыцця ў лагеры, пра эксперыменты, што праводзілі нацысты над зняволенымі. Дзецям на цэлы дзень выдавалі па маленькай прэснай булачцы і шкляначцы рэшткаў ад вытворчасці малака, дарослых кармілі зусім мала.

Пасля вызвалення савецкія войскі арганізавалі адпраўку былых палонных дадому. У цягніку людзі плакалі ад радасці, гаварылі толькі пра родную старонку, з нецярпеннем чакалі сустрэчы са сваімі блізкімі. Тыя яркія, непаўторныя ўражанні чатырохгадовага дзіцяці суправаджаюць усё жыццё, бязмернае шчасце перадалося ад дарослых і яму, малому. Даехалі да Стоўбцаў, а пасля 42 кіламетры пешшу дабіраліся да мілых сэрцу Налібокаў, ад якіх засталіся толькі скляпенні. У адным з іх сталі жыць. Надыходзіла восень. Ежы ніякай не было, таму хадзілі ў поле збіраць мерзлую бульбу, перабіваліся на нейкіх лясных харчах. Зноў давялося перажыць і голад, і холад.

Паступова жыццё наладжвалася. Адбудавалі новую хату. Хлопец падрос, пасля заканчэння сямі класаў пайшоў працаваць на мясцовае сельгаспрадпрыемства. Затым закончыў сельскагаспадарчае вучылішча.

Калі Антон Іванавіч жаніўся, маладая сям’я пераехала на малую радзіму жонкі ў Івянец. Тут ён уладкаваўся на кансервавы завод наладчыкам лініі, дзе і шчыраваў да выхаду на пенсію. За доўгія гады Івянец стаў родным, і жыцця без яго наш герой не ўяўляе.

Гэта адзін з многіх тысяч падобных прыкладаў страшных падзей Вялікай Айчыннай вайны. Зразумела, толькі захоўваючы памяць і аддаючы даніну павагі людзям, якія загінулі і выжылі ў тым пекле, можна спадзявацца на тое, што падобнае больш ніколі не паўторыцца ў чалавечай гісторыі.

Матэрыял падрыхтавала Анжэла РАДЫНА