Пра рамонт дарог, паляпшэнне інфраструктуры і планы па добраўпарадкаванні на бліжэйшую перспектыву

Общество

падчас наладжанай у рэдакцыі раённай газеты дыялогавай пляцоўкі мы пагутарылі з начальнікам філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167» Уладзімірам САЕВІЧАМ і дырэктарам РУП «Валожынскі жылкамунгас» Міхаілам УНУЧАКАМ.

У адрас «Працоўнай славы» дастаткова часта паступаюць званкі і допісы, якія тычацца розных аспектаў жыцця раёна. Сярод іх многія закранаюць стан нашых дарог і вуліц, узнімаюць пытанні добраўпарадкавання Валожына і населеных пунктаў раёна. Цікавяцца людзі і тэрмінамі выканання тых ці іншых работ. Мы акумулявалі такія запыты – і запрасілі ў рэдакцыйную гасцёўню кіраўнікоў арганізацый, якія непасрэдна курыруюць азначаныя напрамкі. Адбыўся дыялог, які расставіў многія кропкі над «і».

Аўтар: Для пачатку раскажыце, на чым засяроджаны сёння сілы давераных калектываў. Што ў прыярытэце ў дарожнікаў і камунальнікаў?

Уладзімір Саевіч: Пакуль надвор’е спрыяе, заканчваем работы па ўпарадкаванні раёна індывідуальнай забудовы «Валожын». Таксама штодзённа спецыялісты працуюць у Вялікім Камені, РІЗ «Рагозы» на Маладзечаншчыне. Што да работ у нашым раёне – на кантролі ўтрыманне падведамных дарог агульнай працягласцю 993 кіламетры. Убіраем смецце, змятаем пясок пасля зімовых падсыпак, праводзім афарбоўку элементаў, прафілюем гравійнае пакрыццё. Да 1 мая плануем завяршыць увесь комплекс работ па падрыхтоўцы дарог да вяснова-летняй эксплуатацыі. Акрамя таго, у гэтым месяцы мы прыступаем да будаўніцтва 5,4-кіламетровага ўчастка дарогі Ракаў-Караблі-Хожава ад Барка да Кудзеўцаў, пабудуем дарожныя элементы для дастаўкі грамадскім транспартам школьнікаў – прыпынак і разваротнае кальцо ў Багданаве, два прыпыначныя пункты ў Ракаве і адзін – у Гародзьках. Сёлета прыступаем да будаўніцтва новага моста ў Брыльках, у рамках бягучага рамонту заменім пралётныя збудаванні і пераходныя пліты на мосце ў Пяршаях.

Міхаіл Унучак: План мерапрыемстваў па рамонце дарожнага пакрыцця ў нас распісаны на ўвесь год. Канкрэтна цяпер мы прыступілі да капітальнага рамонту моста па вуліцы Савецкай у Івянцы. У бліжэйшых планах – правесці капрамонт вуліцы Савецкай у райцэнтры. Тут трэба не толькі замяніць пакрыццё, але і ўсе спадарожныя элементы, уключаючы ліўневую каналізацыю. Запланавалі дакласці асфальтам участак вуліцы Транспартнай, які вядзе да вуліцы Чапаева. Праведзена закупка 5 дзіцячых пляцовак, неўзабаве пачнём іх устанаўліваць. Яшчэ ў бягучым годзе мы павінны ўвесці 6,1 тысячы квадратных метраў жыллёвага фонду, замяніць на ПІ-трубы 1,9 кіламетра агульнай працягласці цеплатрас.

Аўтар: Нашы чытачы, якія рэгулярна карыстаюцца грамадскім транспартам, пытаюцца, ці ёсць магчымасць абсталяваць дадатковы прыпынак для рэйсавага аўтобуса «Багданава-Валожын» у пачатку новага мікрараёна райцэнтра. Ад «Еўраопта», дзе вадзіцель мае права спыніцца без рызыкі атрымаць ад ДАІ штраф, пешшу, асабліва з сумкамі, дабірацца далекавата…

Уладзімір Саевіч: Будаўніцтва новых прыпынкаў або ўстаноўкі знакаў у месцы, пра якое ідзе гутарка, немэтазгодна ні з боку эканомікі, ні з боку бяспекі. Да таго ж на перпендыкулярнай вуліцы побач ёсць дзеючы прыпыначны пункт, абсталяваны па ўсіх правілах.

Міхаіл Унучак: Думаю, для кіраўніцтва «Аўтапарка № 14» не складзе праблем узгодніць маршрут і пусціць аўтобус у аб’езд шматпавярховак: працягласць шляху павялічыцца максімум на 200-250 метраў, а праблема будзе эфектыўна вырашана.

Аўтар: Гаспадарам прыватнага сектара ў Валожыне спецыялісты жылкамунгаса прапануюць устанавіць на падворках 1 чорны і 1 чырвоны кантэйнеры для смецця. Што адбываецца?

Міхаіл Унучак: Адбываецца паступовы пераход да цывілізаванага грамадства (усміхаецца). У Валожыне 3,5 тысячы прыватных сядзіб. Наша задача – забяспечыць раздзельны збор смецця. Сёлета за кошт выдзеленых дзяржаўных сродкаў на баланс ЖКГ паступіла 925 чырвоных кантэйнераў – для другасных матэрыяльных рэсурсаў і такая ж колькасць чорных, прызначаных для бытавога смецця. Вось іх і ўстанаўліваем людзям, стараючыся размеркаваць так, каб насельніцтва было максімальна ахоплена паслугай.

Аўтар: Прызнацца, не раз даводзілася чуць кпіны наконт гэтага самага раздзельнага збору: маўляў, смецце з розных кантэйнераў усё адно грузіцца ў адну машыну…

Міхаіл Унучак: Няпраўда. На кожны від адходаў робіцца асобны спецрэйс задзейнічанага ў вытворчым працэсе транспарту. Вось тое, што людзі пакуль яшчэ могуць у кантэйнер, скажам, для паперы выкінуць пакет з бутэлькамі ды іншымі рэшткамі побыту – сустракаецца.

Аўтар: І што робіцца ў такім выпадку?

Міхаіл Унучак: Матэрыяльную базу жылкамунгаса не так даўно папоўніла лінія сартавання смецця магутнасцю 5 тысяч тон у год. Дзякуючы спецыялізаванаму абсталяванню толькі за сакавік было перапрацавана 470 тон адходаў. На выхадзе мы атрымалі 10899 кілаграмаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія пайшлі ў лік выканання дзяржзаказу.

Аўтар: Адна з «болевых кропак» Валожыншчыны – прыпынак ля вёскі Міхалова. Чытачы цікавяцца, якія меры плануецца прыняць для барацьбы з пастаяннай засмечанасцю?

Уладзімір Саевіч: Пакуль пачнём уздзейнічаць на тых, хто спецыяльна вывозіць сюды адходы, маральна. Паставім інфармацыйны знак «Чыста там, дзе не смецяць». Затым або расцягнем тэматычны банэр, або пакрыем адпаведным графіці сцяну. Канкрэтна вырашым на працягу красавіка. Калі гэта не дапаможа, будзем дзейнічаць больш рашуча. Пакуль проста заклікаю людзей да прыстойнасці і сумлення!

Гутарыў Сяргей САДОЎСКІ