Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Пачаўся сезон ямачнага рамонту аўтадарожнага палатна. На гэтых работах у дадзены момант задзейнічаны 2 спецыяльныя навясныя ўстаноўкі “Тайфун”, якія маюцца ў распараджэнні філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”.

Ужо адрамантаваны пад’езд да аграгарадка Ракаў, участкі дарог Ракаў-Курдуны-Баравікоўшчына, Ракаў-Івянец-Дзержынова, Валожын-Вішнева-Клім. Рамонт дарог працягваецца.

Збор бярозавага соку наладжаны практычна ва ўсіх лясніцтвах Валожынскага лясгаса, за выключэннем Румскага і Каменскага. У кожнае з іх размеркавана па 500 спецыяльных мяшкоў для збору карыснага прадукту.

Пакуль што заключаны дагаворы на пастаўку 100 тон бярозавіку на Мінскі завод безалкагольных напіткаў і 50 тон у пасёлак Самахвалавічы на прадпрыемства “Кансервплодагароднінаперапрацоўка”. Таксама сок прадаюць непасрэдна насельніцтву – па 30 капеек за 1 літр. У дзень у сярэднім зборшчыкі здабываюць каля 7 тон соку.

У дні вясенніх канікулаў для школьнікаў былі праведзены 33 кінасеансы непасрэдна ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра і на выездзе. На сеансах пабывалі 386 гледачоў, у тым ліку 225 – у Валожыне.

Школьнікі, якія наведвалі лагеры з дзённым знаходжаннем на базе гімназіі № 1 і СШ № 2, прыходзілі на прэм’еры фільмаў у кінатэатр. Спецыяльна прыязджалі вучні Пяршайскага і Гародзькаўскага ВПК, якія сумяшчалі кіно з іншымі мерапрыемствамі ў райцэнтры. У тыя дні, дарэчы, дэманстраваліся толькі прэм’еры. Напрыклад, аўстралійская анімацыйная стужка “100% Воўк” у нашай краіне пачала дэманстравацца нават раней, чым у Расіі. У нас – з 30 сакавіка, а ў кінатэатрах Расіі толькі з 8 красавіка. Таксама ў дні канікулаў працавалі кіналекторыі “Да 76-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне” і “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь”.

6 красавіка ў Івянцы пабываў новы старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Генрыхавіч Сонгін.

Прайшоў роўна месяц з моманту абрання яго старшынёй і абяцання наведаць Івянец. Новы кіраўнік слова трымае. Ён пазнаёміўся з гарадскім пасёлкам, работай Дома польскага, яго матэрыяльнай базай і фінансаваннем. Меў размову са старшынёй Івянецкага аддзела арганізацыі Станіславам Бурачэўскім.

У кожнага з нас з’явілася магчымасць здзейсніць віртуальнае падарожжа па гісторыка-краязнаўчым музеі Валожынскага дзяржаўнага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя. І не простае падарожжа, а ў фармаце 3D (http://q29755n7.beget.tech/Muz.html).

Дарэчы, далёка не ўсе нават рэспубліканскія музеі могуць прадаставіць такую “паслугу”: самастойна пераходзіць з залы ў залу па музеі, адкрываць дзверы, знаёміцца з экспанатамі, затрымлівацца ля тых, якія найбольш зацікавілі. Стваральнікамі навінкі сталі інжынер-праграміст Павел Ляўковіч і бібліятэкар, загадчыца музея Людміла Садоўская.

З бягучага месяца перагледжаны графік работы бібліятэчных устаноў раёна.

Раённая бібліятэка цяпер будзе працаваць без выхадных дзён з 10 да 19 гадзін. Да гэтага часу выхадным была пятніца. Зменіцца графік работы і сельскіх бібліятэк. А вось Валожынская дзіцячая бібліятэка па-ранейшаму будзе выхадной у панядзелак.

За першы квартал бягучага года бібліятэчная сістэма раёна папоўнілася 864 экзэмплярамі новых кніг на суму 12793 рублі. Апошнія кніжныя навінкі паступілі ў раён 24 сакавіка.

Сярод аўтараў папулярныя расійскія пісьменнікі Маша Трауб, Вера Калачкова, Павел Гушынец, беларусы Сяргей Трахімёнак, Георгій Марчук, вядомы нарвежскі пісьменнік Несбё і іншыя. Было шмат дзіцячай літаратуры, у прыватнасці, маляўніча выдадзеная серыя “Маленькі прафесар”.

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва паціху абжываецца новымі пакаёвымі раслінамі і жывымі пітомцамі.

Гаспадар аграсядзібы “Ганка” Анатоль Ганец падарыў установе трох папугаяў з клеткамі і нават кормам на першы час. Цяпер забаўляюць выхаванцаў два папугаі-неразлучнікі і адзін чорнагаловы, які ведае некалькі слоў. На гэтым тыдні тры экзатычныя кветкі перадала ў аранжарэю жыхарка райцэнтра Святлана Сяргееўна Белановіч.