Экскурсія ў музей міліцыі

Общество

У пачатку красавіка, пасля працяглага перапынку ў працы ў сувязі са складаным эпідэміялагічным становішчам, музей Валожынскага РАУС зноў адкрыўся для наведвальнікаў! Падчас вясновых канікул, калі органамі ўнутраных спраў праводзілася акцыі “Бяспечныя канікулы – вясна 2021”, больш за 50 вучняў гарадскіх школ наведалі гэты ўнікальны астравок гісторыі.

Музей, створаны да 80-годдзя з дня ўтварэння Валожынскага РАУС, захоўвае толькі арыгінальныя экспанаты, што да нядаўняга часу выкарыстоўваліся супрацоўнікамі міліцыі. Да такіх адносіцца матацыкл “Днепр”, на якім неслі службу ўчастковыя інспектары. Ён адноўлены слесарам РАУС з арыгінальных частак, якія былі прадастаўлены супрацоўнікамі. Акрамя гэтага, тут захоўваюцца форма, экіпіроўка, пасведчанні супрацоўнікаў розных перыядаў гісторыі, мэбля, спецсродкі і многае іншае, што дазваляе адчуць дух таго часу, калі ў розных іпастасях міліцыянеры стаялі на варце правапарадку.

 У працэсе першай пасля пандэміі экскурсіі ў музей рабяты атрымалі самыя незабыўныя ўражанні. На заканчэнне самыя маленькія яе ўдзельнікі задалі слушнае пытанне: “Мы даведаліся, як раней служылі міліцыянеры. А што адбываецца цяпер?” Адказаць на яго можна было з лёгкасцю, на словах распавесці аб паўсядзённай працы сучасных міліцыянераў, аднак лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Кіраўніцтва адгукнулася на просьбу юных наведвальнікаў. З гэтай прычыны экскурсія ў звычайны працоўны дзень працягнулася па ўсім будынку РАУС. Рабяты пазнаёміліся з дзяжурнай часцю, дарэчы некаторыя з іх убачылі дзяжурнага за прыёмам паведамлення па лініі “102” і правялі дзяжурны нарад на выклік. На шчасце, выпадак аказаўся несур’ёзным, і хоць нарад вярнуўся ўжо пасля таго, як дзеці пакінулі РАУС, некаторыя з іх пазней даведваліся, чым скончыўся візіт міліцыянераў на здарэнне.

Канчатковай кропкай экскурсіі па будынку РАУС стаў ізалятар часовага ўтрымання, дзе знаходзяцца злачынцы і адбываюць адміністрацыйны арышт правапарушальнікі. У самых маленькіх школьнікаў тут узнікла пытанне пра выпадкі ўцёкаў. На шчасце, такога за ўсю гісторыю Валожынскага РАУС не здаралася. Старэйшыя цікавіліся побытам, умовамі ўтрымання затрыманых, бо сярод іх былі і тыя, хто ўжо мае праблемы з законам і стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Педагогі, што прывялі дзяцей на экскурсію, хацелі больш даведацца пра саміх супрацоўнікаў і тое, як яны на сваіх плячах выносяць усе нягоды службы.

Завяршылася гэта эмацыянальнае мерапрыемства ў зале нарад РАУС, дзе ў працэсе гутаркі школьнікі задалі шмат пытанняў, якія датычыліся органаў унутраных спраў і праваахоўнай сістэмы. Варта адзначыць, што старэйшых рабят вельмі цікавіла праходжанне службы ў органах унутраных спраў.

Аляксандр ЧАХОВІЧ,

начальнік ІСН Валожынскага РАУС