Канікулы – час для важных спраў

Молодежный курьер

На вясновых канікулах члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” сярэдняй школы № 1 г. Валожына разам з педагогам-арганізатарам Янай Сяргееўнай Ярота наведалі дашкольную групу раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыя. Праз сумесную творчую і гульнявую дзейнасць школьнікі падарылі рабятам, што тут займаюцца, часцінку свайго сэрца, усмешкі і добры настрой.

Таксама вучні вышэйназванай установы сярэдняй адукацыі прынялі ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Прыйдзі і пакланіся” па ўвекавечанні і захаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, якая прайшла ў рамках 78-й гадавіны з дня, калі была спалена Хатынь – сімвал усіх спаленых беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Працоўны дэсант актывістаў грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” шчыраваў ля помніка Герою Савецкага Саюза Васілію Васільевічу Шчарбіну – камандзіру разведвальна-дыверсійнага партызанскага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Віцебскай і Мінскай абласцей.

Вахту памяці ля мемарыяльнага знака ў памяць аб мірных жыхарах Валожына, расстраляных нацыстамі восенню 1942 года, арганізавалі актывісты грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Старшакласнікі навялі тут парадак, а таксама ля помніка “Журботная маці”.

Усяго за гады акупацыі ў раёне былі знішчаны дзве з паловай тысячы жылых дамоў, раскрадзены прамысловыя прадпрыемствы, калгасы, школы, бальніцы. Але самымі цяжкімі і незваротнымі сталі чалавечыя страты. Карнікі загубілі ў раёне амаль дзевяць тысяч мірных грамадзян. На тэрыторыі Валожыншчыны шэсцьдзясят чатыры вёскі і сотні хутароў атрымалі такі лёс, як Хатынь.

Пакуль мы памятаем, мы жывём. Пакуль жывём, памятаем.

Вера КАРАНІК,

намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

СШ № 1 г. Валожына