Псіхасаматыка – гэта сур’ёзна

Без рубрики Общество

Думкі матэрыяльныя, яны ўвасабляюцца ў розных справах, у адносінах з іншымі людзьмі, у нашых захворваннях і агульным самаадчуванні.

Псіхасаматыка – навука, якая знаходзіцца на сутыкненні медыцыны і псіхалогіі. Згодна з яе вучэннем, сувязь душы і цела настолькі моцная, што нестабільныя эмоцыі і неўраўнаважаныя паводзіны чалавека прыводзяць да ўзнікнення захворванняў.

Адзін з аўтарытэтаў псіхасаматыкі – амерыканская даследчыца Луіза Хей у свой час склала табліцу прычын узнікнення захворванняў, дзе правяла сувязь між захворваннем і эмацыянальнымі праблемамі чалавека. Напрыклад:

рак – застарэлая крыўда;

малочніца – падсвядомае непрыняцце палавога партнёра;

цыстыт – стрымліванне негатыўных эмоцый;

захворванні шчытападобнай залозы – незадаволенасць якасцю жыцця і г. д.

Даследчыца лічыць, што захворванне знікае пасля ўсведамлення чалавекам эмацыянальнай праблемы.

Давайце разгледзем прычыны ўзнікнення наступных захворванняў згодна са сцвярджэннямі аўтара.

АЛЕРГІЯ

Прычына: нежаданне прымаць у сваё жыццё штосьці ці кагосьці, магчыма, нават сябе; адмаўленне ўласнай сілы.

Рашэнне: свет не небяспечны, ён – сябар; мне не пагражае ніякая небяспека; у мяне няма спрэчак з жыццём.

СТРАЎНІКАВЫЯ ЗАХВОРВАННІ: ГАСТРЫТ, ПЯЧАЙКА, ЯЗВА

Прычына: зацяжная нявызначанасць; пачуццё прысуджанасці, жах, страх перад нязведаным; няздольнасць да засваення новага.

Рашэнне: жыццё мне не шкодзіць; у любы момант  я засвойваю штосьці новае; усё добра; я люблю і адабраю сябе; я – у бяспецы.

ГАЛАЎНЫЯ БОЛІ. МІГРЭНЬ

Прычына: недаацэньванне сябе, самакрытыка; страх; нянавісць да прымусу; супраціўленне ходу жыцця; сэксуальныя страхі.

Рашэнне: я люблю і адабраю сябе; з любоўю гляджу на сябе; я – у поўнай бяспецы; я расслабляюся і паспяваю за ходам жыцця, і няхай жыццё забяспечвае мяне ўсім неабходным у лёгкай і зручнай форме.

ДЭПРЭСІЯ

Прычына: злосць, якой вы, па вашай жа думцы, не маеце права адчуваць; безнадзейнасць.

Рашэнне: я выходжу за мяжу і абмежаванасці, якія ўласцівы для іншых людзей; ствараю ўласнае жыццё.

ЖАНОЧЫЯ ЗАХВОРВАННІ

Прычына: непрыняцце самой сябе; адмаўленне ад жаноцкасці.

Рашэнне: я радуюся таму, што я – жанчына; я люблю быць жанчынай; я люблю сваё цела.

ЛІШАК ВАГІ. АТЛУСЦЕННЕ

Прычына: нежаданне адчуваць, безабароненасць; адмаўленне сябе; падаўленае імкненне дасягаць жадаемага; звышадчувальнасць; страх і імкненне да абароненасці; страх можа быць прыкрыццем для затоенай злосці і нежадання дараваць.

Рашэнне: у мяне няма супрацьстаяння пачуццяў; там, дзе я знаходжуся, быць бяспечна; я сама (сам) ствараю ўласную бяспеку;  люблю і адабраю сябе;  хачу стаць на шлях сталення і прыняць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё; дарую ўсім і ствараю такое жыццё, якое мне падабаецца; я – у поўнай бяспецы.

КРОЎ. ПАВЫШАНЫ ЦІСК

Прычына: невырашаныя застарэлыя эмацыянальныя праблемы.

Рашэнне: я з радасцю забываюся пра сваё мінулае; у маёй душы – мір.

ПНЕЎМАНІЯ

(ЗАПАЛЕННЕ ЛЁГКІХ)

Прычына: адчай, стома ад жыцця; эмацыянальныя раны, што не залечваюцца; страх, лютасць; узрушаная свядомасць, дэпрэсія, самота; страх перад жыццём; упэўненасць у тым, што вы не маеце права на годнае, поўнае жыццё.

Рашэнне: я свабодна выдыхаю; гэта – новы пачатак; мае думкі ціхія, спакойныя, сканцэнтраваныя; я магу ўспрымаць

усю напоўненасць жыцця; я ўспрымаю жыццё з любоўю.

Можна па-рознаму ставіцца да дадзенай тэорыі, аднак тое, што многія захворванні носяць у першую чаргу псіхасаматычны характар – гэта факт,  пацведжаны  медыкамі ўсяго свету. Усе нашы несвядомыя, выціснутыя са свядомасці і неадпрацаваныя страхі, перажыванні і крыўды ў выніку праяўляюцца ў выглядзе захворванняў, справіцца з якімі дапаможа не столькі медыцына, колькі псіхалогія.

Тых, хто жадае змяніць стэрэатып мыслення, запрашаем у клуб “Актыўнае доўгажыхарства”, які пачаў сваю дзейнасць у студзені бягучага года на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго мэта – захаванне псіхалагічнага і фізічнага здароўя людзей пажылога ўзросту.   

Уступіць у клуб можа любы пажылы чалавек, што пражывае на тэрыторыі раёна. Сустрэчы адбываюцца раз у месяц па адрасе: г. Валожын, вул. Міру, 8. Тэлефоны для даведак: 69192, 68117. Прыходзьце, будзем рады!

Алена ЖДАНЮК,

псіхолаг ТЦСАН