Ох, і сеяла Трафімаўна лянок…

Люди и судьбы

“Працай славіцца ў нашай краіне чалавек. Па працы яму і пашана, і падзяка”. Л. Т. ВАЛАДКЕВІЧ

Заўсёды праца земляробаў і жывёлаводаў лічылася пачэснай. Ім мы абавязаны за ўсё тое, што маем кожны дзень на стале. У лусце румянага каравая, у кроплі сырадою – часцінка нялёгкай працы вяскоўцаў. А вырасціць на калгасным полі лён і апрацаваць яго – гэта як цэлае жыццё пражыць. Складаны і цяжкі шлях ад маленькага семя да яркай, прыгожай сурвэткі. Да лёну спрадвеку ставіліся з вялікай павагай. Нездарма сёння яго кветкі ўплецены ў нацыянальны герб краіны. Ва ўсе часы на Беларусі гэта культура любіла толькі жаночыя рукі. Пра адну з іх наш расказ.

Лізавета Трафімаўна ВАЛАДКЕВІЧ нарадзілася 28 сакавіка 1923 года ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна. Рана страціла бацькоў, засталася з малодшай сястрой і братам. Яшчэ змалку спазнала сялянскую працу. Умела абыходзіцца не толькі з сярпом, хватка ўпраўлялася з касой ды плугам.

Вучыцца шмат не давялося, закончыла толькі два класы польскай школы. Яе працоўны шлях пачаўся ў далёкім 1952 годзе з часу стварэння ў Лоску калгаса імя Чапаева. Праз пяць гадоў кіраўніцтва раёна прапанавала Лізавеце Трафімаўне ўзначаліць звяно па вырошчванні і апрацоўцы льну. Але на гэту прапанову наша гераіня згадзілася не адразу. Не цяжкасцей спалохалася – не хапала адукацыі. Два класы не маглі задаволіць будучую звеннявую. Але людзі падтрымалі яе і дапамаглі. Працаваць звеннявой з самага пачатку было вельмі цяжка. У калгасе не было нават самай прымітыўнай тэхнікі. Вырошчваць і апрацоўваць лён прыходзілася ўручную. Не хапала рабочых рук, таму працавалі круглыя суткі.

Лізавета Трафімаўна праявіла сапраўдную настойлівасць, змагла арганізаваць людзей на працоўныя подзвігі. І як вынік – самыя высокія ўраджаі льну не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Якой радасцю свяціліся вочы звеннявой, калі да яе прыязджалі лепшыя спецыялісты-льнаводы, каб пераняць вопыт работы. Невычэрпны энтузіязм Лізаветы Валадкевіч, уменне павесці людзей за сабой здзіўлялі многіх ільнаводаў. Вынікі працы былі значныя. У лічбавых паказчыках сельгасарцелі імя Чапаева за 1965 год было пазначана: 6 цэнтнераў семя і 9 цэнтнераў валакна з кожнага гектара пасеваў атрымала звяно пад кіраўніцтвам гераіні нашага артыкула.

Л. Т. Валадкевіч дзялілася вопытам сваёй працы з усімі звеннявымі калгасаў і саўгасаў нашага і суседніх раёнаў. Доўгі час яе імя займала ганаровае месца ў раённай Кнізе Народнай Славы.

І як найвялікшая падзяка за яе шчырую працу – дзве дзяржаўныя ўзнагароды ў 1966 годзе: ордэн Леніна і ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы. У 1967 годзе ёй было прысвоена званне “Заслужаны калгаснік”. А ў 1973 годзе на грудзях Лізаветы Трафімаўны заззяў ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

У раённай газеце “Працоўная слава” напрыканцы 1966 года яна піша: “Знамянальным быў гэты год для нашай сельгасарцелі, членаў нашага льнаводчага звяна і, зразумела, для мяне асабіста. У гэтым годзе ў маім жыцці адбылася самая вялікая і самая радасная падзея. У сакавіку мне прысвоілі вышэйшае ганаровае званне ў краіне – Герой Сацыялістычнай Працы. Ордэн Леніна і Залатая Зорка Героя – вось такая адзнака, якой партыя і ўрад ацанілі шматгадовую і добрасумленную працу нашага звяна…”

Жыццё Валадкевіч заўсёды было напоўнена нястомнай працай. Яна любіла сваю справу і адказна адносілася да яе. Памерла Лізавета Трафімаўна 19 ліпеня 1999 года.

Нагадаю: ордэн Леніна – вышэйшая ўзнагарода СССР. Ім узнагароджваліся грамадзяне СССР, калектывы, установы, прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі, гарады, рэспублікі, краі, вобласці за асаблівыя заслугі ў сацыялістычным будаўніцтве і абароне краіны. Уручаўся асобам, удастоеным вышэйшай ступені адзнакі – звання Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы. Адышла ў нябыт магутная краіна СССР, яе ўзнагароды. Час многае змяніў у нашых адносінах да нядаўняй гісторыі, яе творцаў. Але засталася вялікая пашана да людзей, якія самааддана працавалі на карысць свайго калгаса, раёна і ўсёй краіны.

Лоская зямля багатая на ардэнаносцаў: Галіна Міхайлаўна Сліж, Марыя Якаўлеўна Гіль, Аляксандра Андрэеўна Паўлюкевіч. Праца кожнай з іх на калгаснай ніве адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнам Леніна і ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Наталля ЛОЎЧАЯ,

дырэктар Валожынскага

краязнаўчага музея