Няхай заззяе зорка таленту!

Молодежный курьер

Шкада, што праз газету нельга данесці вам, паважаныя чытачы, усе нюансы і асаблівасці чароўнага голасу маладога спевака Сяргея ГАЛВАНОЎСКАГА, зорка якога нядаўна заззяла на раённай сцэне.

Бязмежна абаяльны спецыяліст выкладае сальфеджыа ў Гародзькаўскім філіяле Валожынскай ДШМ. Але з прыходам новага выкладчыка ў навучальную ўстанову пашанцавала не толькі яе выхаванцам. У выпускніка Маладзечанскага музвучылішча аказаўся шыкоўны лірычны барытон, што дазваляе яму пераканаўча выконваць самыя складаныя творы з рэпертуару такіх майстроў сцэны, як Муслім Магамаеў, Леў Лешчанка, Іосіф Кабзон…

Пакуль ён – малады спецыяліст (працуе яшчэ і ў Палачанах). З задавальненнем дзеліцца сакрэтамі музычнай граматы з дзетварой, аднак добра ўсведамляе, што голас, які (так лічаць родныя) атрымаў у спадчыну ад дзеда, дастаўся яму нездарма. Таму робіць усё магчымае, каб развіваць прыродны дар. Дзякуючы пастаяннай рабоце над удасканаленнем вакальных магчымасцей, а таксама выключнаму выхаванню і адукацыі, ён, спадзяюся, у хуткім часе дасягне значных вышынь.

Сяргею толькі 21 год. Як кажуць, усё жыццё, у тым ліку і творчае, наперадзе. Канешне, вучыць дзяцей разумнаму, добраму, вечнаму (музыка, яна менавіта такая!), вельмі важна. Толькі ўжо сёння зразумела: выразны тэмбр, манера выканання, нават статусная знешнасць юнака абавязваюць рухацца ў бок прафесійнай кар’еры.

Выканаўца мае пэўны вопыт сольных выступленняў, даводзілася спяваць і з хорам, і ў суправаджэнні аркестра. Хацелася б бачыць яго на экране тэлевізара, чуць у радыёперадачах, чытаць нарысы пра яго творчасць у СМІ. Асабіста я, хоць і зычу Сяргею Галваноўскаму поспехаў на эстрадзе (ведаю,  гэта вабіць маладога творцу), літаральна бачу яго на сцэне музычнага тэатра. Менавіта там былі б дарэчы і яго фактура, і экспрэсія, і, зразумела, класічная пастаноўка голасу. Што ж, пажывём – убачым. Пакуль жа проста пажадаем шчодра адоранаму музыканту здароўя, удачы і шчасця.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара