Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Прадстаўнікі розных тэлеканалаў не мінаюць наш раён, дзе нязменна знаходзяць цікавыя сюжэты.

У бягучым месяцы здымачная група тэлеканала “Мір” пабывала ў аграсядзібе “Домік на Іслачы”. Размова ішла пра закінутыя дамы на вёсцы, якім можна надаць другое жыццё. Свае меркаванні выказаў гаспадар аграсядзібы Дзмітрый Шчогалеў. А 5 красавіка ў раён наведаліся журналісты канала СТБ. У рамках патрыятычнага праекта “Зямляк. Разведчык. Герой” яны здымалі сюжэт у краязнаўчым музеі. Падчас праходжання ў краіне Тыдня лесу занатавалі пасадку дрэў актывісткамі раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Самымі актуальнымі былі рэпартажы з “перадавой” – аб правядзенні пасяўной кампаніі ў КСУП “Валожынскае” і ААТ “Агра-Дубінское”.

З 10 па 30 красавіка ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” праходзіць профільная змена, на якую сабраны прадстаўнікі 23 каманд юных інспектараў дарожнага руху Мінскай вобласці.

А непасрэдна з 26 па 29 красавіка ў рамках змены будзе праведзены 49-ы Мінскі абласны злёт атрадаў ЮІДР. Наш раён прадстаўляе каманда цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, кіраўніком якой некалькі гадоў запар з’яўляецца намеснік дырэктара Л. Д. Лысенка. У склад каманды ўвайшлі 8 чалавек – шасцікласнікі Міхаіл Бычкоўскі і Мікіта Рубацкі, а таксама вучань 9 класа сярэдняй школы № 1 Максім Слабодскі, шасцікласніцы Ангеліна Верамей, Маргарыта Мянцюк, дзевяцікласнікі Яна Мартынская, Вікторыя Петрычэнка і Аляксей Данчанка з СШ № 2 райцэнтра. Пажадаем юным землякам не толькі самім быць заўсёды законапаслухмянымі ўдзельнікамі дарожнага руху, але вярнуцца дадому з узнагародамі.

Маляўнічы стэнд “Беларусь турыстычная” некаторы час прапісаны ў фае фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Калі большасць краін закрыты для турыстаў у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай, цікаўнасць адчуваецца да сваёй роднай гісторыі і культуры, знакамітых мясцін і адкрыцця новых маршрутаў. Там жа, у фае, можна знайсці брашуры з самымі папулярнымі помнікамі гісторыі і культуры ў кожным раёне Мінскай вобласці, а таксама даведнік “Валожыншчына запрашае”.

Выстава “Генерал стала” з 8 красавіка працуе ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

На выставе прадстаўлены 10 тульскіх самавараў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў з уласных фондаў. Для наведвальнікаў падрыхтаваны невялікі відэафільм пра гісторыю ўзнікнення самавара. А экскурсавод раскажа пра традыцыі чаяпіцця. Да ведама патэнцыяльных наведвальнікаў музея: змяніўся графік яго работы. Цяпер установа працуе з 10 да 19 гадзін без перапынку на абед. Выхадны ў панядзелак.

У гуртку па дрэваапрацоўцы “Зрабі сам” выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з кіраўніком А. Г. Цяшкевічам вырабілі 4 шпакоўні.

Сапраўдным рытуалам стаў той дзень, калі пафарбаваныя шпакоўні развешвалі на дрэвах на тэрыторыі аддзялення. Цяпер усе разам чакаюць птушак, якія выберуць новыя домікі для пражывання.

У сакавіку адбылася прэм’ера другой па ліку песні, напісанай на словы члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК бібліятэкара Валожынскага ліцэя Людмілы Садоўскай.

Верш “Птушка ўдачы” кампазітар Галіна Дзмітрыева знайшла на старонцы паэткі ў сацыяльных сетках. Яна ж знайшла і выканаўцу – Людмілу Палякову і кліпмайстра – Віктара Драчкова. Песня жыве і па жаданні нашай зямлячкі можа ўдзельнічаць у розных конкурсах. Напомнім, што першая песня Л. Садоўскай “Беражыце мір” стала лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Л. Уцёсава.

1 красавіка ў Дзень смеху ў РЦК адбылося прадстаўленне цырка “Фенікс” пад назвай “Буфорыя”. А ў Івянцы гэты цырк выступаў 3 красавіка.

Дзяцей забаўлялі клоўны, дрэсіраваныя каты і сабачкі. Для маленькіх гледачоў было лазернае шоу, шоу мыльных бурбалак, гульня з шарамі-гігантамі. Можна было сфатаграфавацца на памяць з жывым удавам і нават дакрануцца да яго.