Знайсці шлях да сваёй мары

Общество

Падчас творчай прэзентацыі “Да нас у ліцэй прыходзь і сяброў прыводзь”.

У шасці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі адбыліся семінары-трэнінгі па праграме “Роўны навучае роўнага” ў рамках праекта “Вучымся кіраваць сваім будучым”, які рэалізуецца Валожынскай пярвічнай арганізацыяй ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, а таксама прафарыентацыйныя мерапрыемствы, што падрыхтавалі педагогі і навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя.

Выступае спікер-валанцёр Яна ЗЯНЬКО.

 

Партнёрамі праекта, акрамя ліцэя, выступілі ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Яго мэта – стварыць станоўчы вобраз людзей з інваліднасцю, сфарміраваць прыязнае і роўнае стаўленне да іх і тым самым садзейнічаць сацыялізацыі і інклюзіі, а значыць, больш поўнаму і ўсебаковаму ўдзелу тых у жыцці грамадства.

Трэнер-валанцёр Наталля Нямкевіч расказвала прысутным пра праект “Вучымся кіраваць сваім будучым”, які распачаў дзейнасць мінулай вясной у Івянецкім доме-інтэрнаце, дзе рабяты на працягу 14 заняткаў вучыліся рэалізоўваць уласную мару, і прывяла прыклады таго, што ў выніку з гэтага атрымалася. Узгадала валанцёр і Маладзёжную школу спікераў і блогераў, якая працуе ў анлайн-фармаце. Праз Zoom інтэграваная група маладых людзей спасцігае прамудрасці выступлення на публіцы, пераадольвання  страхаў і інш. Менавіта падчас мерапрыемстваў яны ўпершыню прадэманстравалі сваё аратарскае майстэрства.

Спікеры-валанцёры сумесна з трэнерам выступалі перад вучнямі ўстаноў адукацыі. Яны расказалі цікавыя гісторыі пра сябе і іншых рабят з інваліднасцю. Увазе прысутных былі прапанаваны фільмы пра рэальных людзей, якім дыягназы не перашкаджаюць паўнацэнна жыць і здзяйсняць свае мары. Дзякуючы такім сюжэтам разбураюцца стэрэатыпы і пашыраецца мысленне.

Касцюмы ў нацыянальным стылі прадэманстравалі маладыя людзі з інваліднасцю і валанцёры сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя.

У рамках праекта былі створаны касцюмы ў нацыянальным стылі. Адна іх частка пашыта людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, другая – навучэнкамі ліцэя пад кіраўніцтвам майстра вытворчага навучання Алены Юр’еўны Карповіч. Дызайнерам стала Ларыса Альбертаўна Мытнік. Інтэграваная група з ліку моладзі з інваліднасцю і валанцёраў ліцэя прадэманстравалі дэфіле.

Валанцёры сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя падрыхтавалі і паказалі відэапрэзентацыю, распавялі прысутным пра ўстанову адукацыі, творчую і грамадска-карысную дзейнасць. Асноўная думка, якую яны хацелі данесці мэтавай аўдыторыі: ліцэй – адна з невялікіх прыступак для дасягнення сваёй мэты. Тут можна атрымаць не толькі адразу некалькі спецыяльнасцей, але і знайсці сабе справу па душы. Выступленне рабят закончылася творчай прэзентацыяй “Да нас у ліцэй прыходзь і сяброў прыводзь”.

Вучні сярэдняй школы № 2 г. Валожына, Вішнеўскага і Гародзькаўскага ВПК, Ракаўскай, Івянецкай і Суднікаўскай сярэдніх школ мелі магчымасць пазнаёміцца з мабільнай выставай “Мы побач з вамі” і больш дазнацца, чым жыве моладзь з інваліднасцю, яе асноўных праблемах. Рабяты атрымалі інфармацыйныя матэрыялы: буклеты, памяткі, стыкеры. На заканчэнне мерапрыемстваў дэманстраваўся фільм “Жыццё”, падрыхтаваны ў рамках праекта “Вучымся кіраваць сваім будучым”.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара