Канікулы з карысцю

Молодежный курьер Общество

У перыяд вясенніх канікулаў у Валожынскім раёне была арганізавана работа 12 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей, у якіх адпачылі 210 школьнікаў, з іх 80 – у горадзе і 130 – у сельскай мясцовасці.

Вялікая ўвага надавалася аздараўленню сацыяльна неабароненых катэгорый вучняў і тым, што стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку. Такім чынам, лагеры наведвалі 87 дзяцей са шматдзетных сем’яў, 5 дзяцей-сірот, 1 дзіця-інвалід, 12 школьнікаў, якія пражываюць на тэрыторыі з перыядычным радыяцыйным кантролем, 7 вучняў з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У кожным лагеры на працягу змены быў рэалізаваны міні-праект па адным з напрамкаў выхаваўчай работы (здаровы лад жыцця – 3 лагеры, эколага-краязнаўчы – 2, праф-арыентацыйны – 2, патрыятычны – 2, фізкультурна-аздараўленчы – 1, сацыяльна-творчы  – 1, бяспека жыццядзейнасці – 1).

На базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына для вучняў пачатковай школы працаваў аздараўленчы лагер “КРАЙ.ВУ”, у рамках якога быў рэалізаваны міні-праект “Дзеці роднай зямлі”. Кожны дзень тут пачынаўся з хвілінкі здароўя. Рабяты прынялі ўдзел у экалагічным лікбезе “Мы пераможам смецце, або смецце пераможа нас”, дзе даведаліся, які шкодны ўплыў аказвае смецце на прыроду, на жыццё чалавека, а таксама задумаліся над праблемай яго ўтылізацыі. У дзень “Набярэжная Аберагай” экалагічная акцыя “Прырода крычыць SOS” была накіравана на прыцягненне ўвагі дзяцей да праблемы забруджвання прыроды, а таксама на выхаванне беражлівых адносін да яе багаццяў.

Акрамя гэтага праводзіліся віртуальныя экскурсіі, фізкультурна-аздараўленчыя і пазнавальныя мерапрыемствы. Пачаткоўцы ўдзельнічалі ў забаўляльных квэст-гульнях, займаліся вучэбна-даследчай дзейнасцю.

Аздараўленчы лагер “Пралеска” дзейнічаў на базе Гародзькаўскага ВПК, дзе дзеці змаглі добра адпачыць, набрацца сіл, загартавацца, пагуляць, цікава і карысна правесці час. Тут рэалізоўваўся праект “Кветачка-вясёлка”, ідэя якога заключалася ў стварэнні гульнявой мадэлі для раскрыцця творчых здольнасцей, выяўлення і развіцця лідарскіх якасцей хлопчыкаў і дзяўчынак.

 Вясна – гэта звонкія радасныя спевы шпакоў, жаўрукоў. У аздараўленчым лагеры “Праменьчык” прайшоў майстар-клас “Жавараначкі, прыляціце” па вырабе птушак з паперы. На працягу ўсіх заняткаў гучалі беларускія народныя песні вясновага цыкла. А ад наведвання Івянецкага музея традыцыйнай культуры рабяты прыйшлі ў сапраўднае захапленне. Яны пазнаёміліся з ткацтвам, разьбой па дрэве і ганчарнай справай. Засталося шмат яркіх уражанняў ад убачаных экспанатаў. Школьнікі выказалі словы ўдзячнасці экскурсаводам за падрабязны расказ аб выставачных работах.

Актыўны адпачынак, прагулкі на свежым паветры, сустрэчы з цікавымі людзьмі, экскурсіі дапамаглі ўсім рабятам не толькі добра адпачыць перад пачаткам новай чвэрці, умацаваць здароўе, але і атрымаць шмат карыснай інфармацыі аб сваёй малой радзіме.

Наш кар.