Сказ пра чорнага бусла…

Кругозор

Прырода – сапраўдная таямніца або, як яшчэ кажуць, непрачытаная кніга. Кожны раз яна адкрывае нам нешта новае, нязведанае.

Узяць хаця б лес. Заходзіш туды і трапляеш у зачараванае царства. Паўсюдна птушыныя спевы, звон камароў, цвырканне конікаў. Туды-сюды снуюць стракатыя матылькі, завіхаюцца працавітыя мурашкі і не менш руплівыя пчолкі. Жыццё ідзе, кіпіць, бурліць! Доўга стаіш моўчкі і раптам чуеш: ціхае “чэ-лі” або “чэ-лін”. Хто гэта падаў голас? Няўжо чорны бусел? Пачуць яго, а тым больш убачыць – вялікая ўдача.

Вялікая чорная птушка з зялёным бляскам і белым жыватом стаіць важна. Добра выдзяляюцца чырвоныя ногі і дзюба. Даўжыня ног дарослага самца даходзіць да 1 м, а дзюбы – да 20 см. Цела дасягае 100 см, размах крылаў ад 145-210 см. Самка крыху меншая за самца. Дарослая птушка можа важыць 3 кг.

Па зямлі бусел рухаецца павольна, крочыць роўна. Вельмі доўга можа стаяць на адной назе, пры гэтым яго цела ўтрымліваецца перпендыкулярна. Харчуецца дробнай рыбай і жабамі на лясных рэчках і ручаях, п’е толькі чыстую ваду. Дзённы рацыён харчавання для пары дарослых буслоў у заапарку – каля 400 г свежай рыбы, 5 жаб, каля 350 г мяса, 2 мышы.

Рэдкая птушка Чырвонай кнігі. У параўнанні з белымі, чорных буслоў убачыць даволі складана. Гэты від гняздуецца ў лесе, аддае перавагу багністым месцам, куды цяжка трапіць чалавеку. У налібоцкіх лясах ён таксама аблюбаваў патаемныя мясціны для гнездавання. У пушчы знаходзіцца ад 10 да 20 пар незвычайна прыгожых, дзіўных птушак. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” аб’явіла Налібоцкую пушчу адной з дзесяці тэрыторый на Беларусі, важнай для гэтага віду.

Водзіцца прыгажун у нашай мясцовасці ў пушчанскім лесе насупраць вёсак Бабровічы і Даўбені. Чорныя буслы не ўтвараюць калоній, яны селяцца па адным і займаюць вялікую тэрыторыю. Іншы раз гняздо  знаходзіцца на вышыні больш за дваццаць метраў, таму разгледзець яго складана. Адно жытло бусліная пара можа выкарыстоўваць працяглы час. Арнітолагі назіралі за бусламі ў Белавежскай пушчы, якія чатырнаццаць гадоў выводзілі сваё патомства ў адным гняздзе, памеры якога з кожным годам пашыраліся ў дыяметры. Вага такога жытла даходзіць да 200 кг.

Буслы выбіраюць сабе пару на ўсё жыццё. Самка адкладвае ад чатырох да сямі яек. Бацькі па чарзе выседжваюць птушанят на працягу трыццаці дзён. Толькі пасля 35-40 сутак маладое папаўненне пакідае гняздо.

Чорныя буслы вельмі адрозніваюцца ад сваіх белых сародзічаў: ніколі не пасяляюцца побач з чалавекам, нібы моцна пакрыўджаны на яго. Адна легенда апавядае, што вельмі даўно на зямлі сустракаліся толькі белыя буслы. Яны давяралі людзям, пакуль не здарылася бяда…

У вёсцы жылі два браты: адзін з іх быў светлым, добрым чалавекам, другі – злым і зайздросным. У двары першага брата пасяліліся буслы, і гэта вельмі яго абрадавала. Чалавек дапамог птушкам збудаваць гняздо і кожную раніцу любаваўся сваімі кватарантамі. Праз некаторы час у пары буслоў з’явілася патомства. Клапатлівыя бацькі кармілі птушанят, рыхтавалі іх да самастойнага жыцця. Прынеслі птушкі шчасце і ў дом гаспадара. У сям’і панавала каханне і багацце. Зайздросны брат не мог спакойна назіраць за шчасцем свайго родзіча. Аднойчы ноччу ён падпаліў хату брата.

Людзі ў доме моцна спалі і не ведалі, якая бяда ім пагражае. І тут птушкі кінуліся ратаваць гаспадароў. Моцна стукалі дзюбамі ў вокны, дзверы, каб разбудзіць іх. І гэта буслам удалося. На пажар прыбеглі аднавяскоўцы, дапамаглі збіць полымя. І толькі пасля заўважылі чорных птушак, якія кружылі над гняздом. Усе вырашылі, што буслы закурылі ў час пажару. Пройдуць дажджы, і птушкі зноў стануць белымі і прыгожымі. Але буслы не памянялі колер, бо пачарнелі яны ад гора і смутку: не паспелі выратаваць маленькіх птушанят. З той пары чорны бусел не давярае чалавеку, жыве ўпотайкі, аберагае сваё жытло і днём, і ноччу.

Упершыню чорны бусел быў апісаны ў XVII стагоддзі англійскім натуралістам Ф. Вілугбі, які ўбачыў птушку ў Франкфурце. Сустракаецца чорны бусел у Расіі, Беларусі, Італіі, Кітаі, Германіі, Паўднёвай Афрыцы.

Восенню бусел пакідае радзіму і адпраўляецца на поўдзень – у Індыю, Эфіопію, Ліван. Перад цяжкім пералётам буслы забіваюць слабых і хворых сародзічаў, каб яны не затрымлівалі рух чарады.

У прыродзе ў чорнага бусла ворагаў мала. Нашкодзіць птушцы можа толькі чалавек, калі высякае лес, асушвае балота ці ў час палявання можа забіць або параніць яе. У дзікай прыродзе бусел жыве да 20 гадоў, у няволі – да 30. Узрост птушкі вызначаецца па афарбоўцы круга вакол вачэй: у дарослай асобіны ён чырвоны, у маладой – шэра-зялёны.

Вось такі сказ пра чорнага бусла – прыгожую, таямнічую птушку. У Валожынскім краязнаўчым музеі яе можна ўбачыць на выставе “Прырода і экалогія Налібоцкай пушчы”.

Ніна БОБРЫК,

навуковы супрацоўнік

Валожынскага краязнаўчага музея