У злачынцаў попыт на веласіпеды…

Закон и порядок

На тэрыторыі вобласці складваецца дастаткова напружаная сітуацыя па крадзяжах веласіпедаў і дзіцячых калясак. Пасля зімы ў міліцыю паступаюць шматлікія заявы аб, так бы мовіць, незапланаваных стратах двухколавага і дапаможнага транспарту. А, між іншым, часта ўмовы для здзяйснення злачынства ствараюць самі ўладальнікі, пакідаючы маёмасць без нагляду…

На тэрыторыі нашага раёна зафіксаваны крадзяжы веласіпедаў. Трэба заўважыць, што ўкрасці іх асаблівых намаганняў для прайдзісвета не складае. А вось раскрыць такія злачынствы няпроста.

Паклапаціцца пра свае рэчы неабходна самім. Не пакідайце веласіпед без увагі, выкарыстоўвайце супрацьугонныя велазапчасткі і аксесуары, захоўвайце транспарт у бяспечным месцы (не на лесвічнай клетцы – гэта дакладна!). Каб быў шанс вярнуць украдзенага памочніка, важна беражліва захоўваць усе дакументы на яго, ведаць унікальны нумар рамы (звычайна ён выціснуты на карэтцы).

Захоўванне маёмасці ў калідорах, праходах, на лесвічных маршах і пляцоўках, ля запасных выхадаў і ў іншых дапаможных памяшканнях, згодна з падпунктам 16.6 пункта 16 “Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў”, можа расцэньвацца як загрувашчванне. Уявіце, што пры такім раскладзе можа адбыцца з насельнікамі дома ў выпадку экстраннай эвакуацыі… Таму за неахайнае і неабдуманае захоўванне веласіпедаў у такіх месцах і прадугледжана адміністрацыйная адказнасць – штраф да 20 базавых велічынь (ч. 4 арт. 22.12 КоАП).

З красавіка супрацоўнікі РАУС сумесна з прадстаўнікамі жылкамунгаса праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы, накіраваныя на выяўленне грамадзян, якія дапускаюць парушэнні Правіл карыстання жылымі памяшканнямі.

 Сяргей ЛАТЫШАЎ,

намеснік начальніка РАУС,

 начальнік міліцыі грамадскай бяспекі