Спаборніцтвы па крос-трыятлоне і паўмарафон плануюць правесці летам у Брэсце

Спорт

У Брэсце летам плануюць правесці спаборніцтвы па крос-трыятлоне і лёгкаатлетычны паўмарафон, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела спорту і турызму гарвыканкама Алеся Округ.

Рэгістрацыя на абодва спартыўныя мерапрыемствы адкрываецца 15 красавіка.

3 ліпеня ў Брэсце плануюць правесці спаборніцтвы па крос-трыятлоне. Удзельнікам прапануюць праплыць 500 м у адкрытай вадзе, праехаць 10 км па перасечанай мясцовасці на веласіпедзе і на заканчэнне прабегчы 3 км. Лакацыяй выбраны ўчастак Мухаўца каля выратавальнай станцыі, а таксама ўзбярэжжа ракі. «У Брэсце такія спаборніцтвы для аматараў правядзём упершыню. Думаю, яны прыцягнуць шмат жадаючых: у краіне такіх мерапрыемстваў мала. У прынцыпе, дыстанцыі невялікія, пераадолець можа кожны», — адзначыла Алеся Округ.

На 4 ліпеня намечаны Брэсцкі паўмарафон. Яго ўдзельнікі змогуць прабегчы 5 км, 10 км і 21 км 97,5 м. Плануюцца і дзіцячыя забегі. Стартаваць аматары спорту будуць побач з пляцоўкай каля ўваходу ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой». «Мы апрабавалі розныя маршруты. Але для многіх людзей, якія да нас прыязджаюць, важна зрабіць фота на фоне сімвала горада — Брэсцкай крэпасці», — растлумачыла начальнік аддзела спорту і турызму.

Арганізатары разлічваюць, што абодва мерапрыемствы прыцягнуць увагу. «Людзі засумавалі па спаборніцтвах. У мінулыя выхадныя ў Брэсце прайшлі тры забегі. Многія паўдзельнічалі ў двух з іх. Ведаю, адзін чалавек зарэгістраваўся на ўсе тры — прабег 5 км, 7 км і 10 км», — дадала Алеся Округ.