ЯКАСЦЬ І АПЕРАТЫЎНАСЦЬ – ДВА БАКІ АДНАГО МЕДАЛЯ

Общество

Сёлетні Сусветны дзень пошты пройдзе пад дэвізам “За аператыўнасць у абслугоўванні”. Каб аказваць больш паслуг і адпаведна мець большыя даходы, важна працаваць не толькі якасна, але і хутка. З якімі паказчыкамі і дасягненнямі падышоў да свята калектыў раённага вузла паштовай сувязі, мы па традыцыі папрасілі расказаць яго начальніка З. С. ЛУЖЫНСКАГА.

– Зігмунт Сільвестравіч, якія задачы ў першую чаргу стаяць перад галіной сёння?

– Якаснае і аператыўнае абслугоўванне насельніцтва. Важна не толькі не страціць нашых пастаянных кліентаў, падпісчыкаў, карыстальнікаў, а і знаходзіць новых. Наша важнейшая функцыя – па-ранейшаму распаўсюджванне друкаваных СМІ, прадастаўленне паслуг па падпісцы і дастаўцы газет, часопісаў, кніг. Выпісваем перыядычныя выданні з дастаўкай на дом, на абанементскую скрыню, для афармлення падпіскі паштальён прыходзіць у дом або офіс. Можна аформіць яе і праз сістэму “Інтэрнэт-падпіска”.

Завершана чарговая падпісная кампанія, і хоць праходзіла яна не зусім проста, калектыў спрацаваў добра, па якасці і насычанасці выйшлі на абласныя паказчыкі. Лідарамі па якасці правядзення падпіскі і дастаўцы СМІ з’яўляюцца Пяршайскае, Забрэзскае і Гародзькаўскае аддзяленні, іх узначальваюць кампетэнтныя, ініцыятыўныя начальнікі Н. Г. Маркоўская, Т. В. Грыбоўская і Л. М. Бобел.

Вострыя эканамічныя пытанні дапамагае вырашыць і выкананне няпрофільных паслуг, а гэта рэалізацыя тавараў народнага спажывання, аказанне банкаўскіх паслуг, страхаванне і камунальныя плацяжы, выплата зарплаты сельгаспрадпрыемствам па картках і грошай за сельгаспрадукцыю. Паколькі выкарыстоўваем спадарожны транспарт, атрымліваем даходы з мінімальнымі затратамі. У цэлым калектыў працуе рэнтабельна. Расце і заработная плата. З пачатку года рост яе склаў 117 працэнтаў да адпаведнага леташняга перыяду, а прадукцыйнасць працы – 117,9 працэнта. Але ёсць і мінусы: у нас зарплата займае асноўную частку выдаткаў, маем вялікі прабег аўтамабіляў. І гэта вельмі дорага, але неабходна, каб выканаць дзяржаўны сацыяльны стандарт, які прадугледжвае пяціразовую дастаўку пошты ў сельскіх населеных пунктах.

– Кадры, якія прыходзяць да вас працаваць, усё ж такі застаюцца надоўга, ці ёсць пэўная “цякучка”?

– Напэўна, не буду арыгінальным, калі скажу, што кадры вырашаюць усё, дарэчы, як і ў любым калектыве. Калектыў прафесіяналаў, аднадумцаў паспяхова спраўляецца з пастаўленымі задачамі на ўсіх узроўнях. “Цякучка кадраў” зараз невысокая, бо значна палепшыліся ўмовы працы. Практычна ва ўсіх 27 аддзяленнях паштовай сувязі зроблены рамонты і праведзена мадэрнізацыя. У гэта ўкладзены значныя грашовыя сродкі. Сёлета адрамантаваны будынак РВПС, у аддзяленне сувязі “Пугачы” засталося набыць мэблю. Цалкам завершана ўвядзенне нашых аб’ектаў у аграгарадках раёна.

Напярэдадні свята 12 супрацоўнікаў атрымалі ганаровае званне і пасведчанне “Ветэран працы РУП “Белпошта”. Гэта тыя, хто прапрацаваў у калектыве 20 і больш гадоў. Ганаровай граматай РУП “Белпошта” ўзнагароджана намеснік начальніка Л. Л. Шаўрэй, граматай Мінскага філіяла прадпрыемства – начальнік паштовага аддзялення сувязі “Забрэззе” Т. В. Грыбоўская. Конкурсы прафмайстэрства таксама выяўляюць лепшых з лепшых. Уяўленне, што паштальён – гэта проста чалавек, у якога “торба на рэмені” і які разносіць газеты, памылковае. Паштальён 2011 года – гэта ўжо кваліфікаваны чалавек, які можа аказаць шэраг паслуг: інфармацыйных, страхавых, банкаўскіх і дылерскіх. А для гэтага трэба мець спецыяльную адукацыю. Лепшай сярод паштальёнаў у гэтым годзе стала А. А. Шарко з Бабровічаў.

– Чаму вельмі мала работнікаў-мужчын на пошце?

– Вы правільна заўважылі, бо толькі 10 працэнтаў работнікаў РВПС – мужчыны. Прыкладна такая ж сітуацыя ў вобласці і ў цэлым па рэспубліцы. Часцей за ўсё яны працуюць вадзіцелямі, інжынерамі-электронікамі, паштальёнамі па суправаджэнню і як абслугоўваючы персанал. А прафесія паштавікоў у нас традыцыйна жаночая. Бо толькі ім уласцівы надзвычайная акуратнасць і скрупулёзнасць.

– Ці плануеце рэарганізацыю сваіх структурных падраздзяленняў, будуць якія-небудзь новаўвядзенні?

– Вельмі важна нерэнтабельныя аддзяленні зрабіць рэнтабельнымі. Тры аддзяленні ў хуткім часе будуць заменены на перасоўныя. У пачатку наступнага года плануем набыць для гэтага новыя машыны, абсталяваныя камп’ютарамі і ўсёй неабходнай для абслугоўвання вяскоўцаў тэхнікай. Паштальён атрымае магчымасць аказваць вялікі спектр паслуг. Гэта будзе наступны крок да якаснага і аператыўнага абслугоўвання. Да гэтага абмяжоўваліся толькі мотадастаўкай.

Становяцца больш запатрабаванымі такія новыя віды паслуг, як “Тавары – поштай”, “Прамая паштовая рассылка” і інш. У кліенцкай зале РВПС устаноўлены плацежна-даведачны тэрмінал РУП “Белпошта”.

Гутарыла

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 

Раённы вузел паштовай сувязі – структурная адзінка Мінскага філіяла РУП “Белпошта”, уключае 3 гарадскія, 24 сельскія паштовыя аддзяленні і магазін “Першамайскі”. Сярод 175 чалавек, што працуюць у калектыве, 96 паштальёнаў.

За 9 месяцаў бягучага года атрымана выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг (без падаткаў і пакупнога кошту) на суму 2,7 мільярда рублёў, ці 122 працэнты да аналагічнага перыяду мінулага года. Выручка на аднаго жыхара склала 69,2 тысячы рублёў (сярэдні абласны паказчык – 45,9 тысячы).

За студзень-верасень атрымана даходаў за аказанне няпрофільных паслуг на суму больш за 600 мільёнаў рублёў, што склала 148,8 працэнта да аналагічнага перыяду 2010 года. Удзельная вага такіх паслуг у агульнай выручцы – 22,2 працэнта супраць 18 за 9 месяцаў 2010 года (сярэднеабласны паказчык – 20,7 працэнта).

У першым паўгоддзі 7 работнікаў павысілі класнасць і тарыфны разрад на працоўных месцах, а намеснік начальніка Л. Л. Шаўрэй і начальнік паштовага аддзялення “Брылькі” Г. У. Зянько пабывалі на курсах павышэння кваліфікацыі ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі.

Матарызаваная дастаўка пошты робіцца па трох асноўных накірунках: у ракаўскую, філіпіняцкую і румскую зоны. Каб аблегчыць работу некаторым аддзяленням і больш аператыўна дастаўляць карэспандэнцыю, існуе і аўтадастаўка. Для дастаўкі пошты выкарыстоўваецца 6 аўтамашын.

 



Добавить комментарий