Прысвечаны балету «Шчаўкунок» фотаальбом прэзентуюць 16 красавіка ў Вялікім тэатры

Культура

Прэзентацыя фотаальбома Аляксея Казнадзея, прысвечанага балету Пятра Чайкоўскага «Шчаўкунок» у пастаноўцы народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева, пройдзе 16 красавіка ў камернай зале Вялікага тэатра Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі казачны балет Пятра Чайкоўскага «Шчаўкунок» у пастаноўцы дырыжора Аляксандра Анісімава, харэографа Валянціна Елізар’ева, сцэнографа Яўгена Лысіка з’явіўся ў 1982 годзе. «У кастрычніку 2020-га балет вярнуўся ў новай аўтарскай рэдакцыі майстра. Валянцін Елізар’еў не раз прызнаваўся, што з захапленнем працаваў над балетам. І гледачы заўсёды з такім жа захапленнем ішлі за бліскучым харэографам, цалкам яму давяраючы, паглыбляючыся ў гэту казку, у фантастычныя сусветы Яўгена Лысіка, у неверагоднай прыгажосці музыку Пятра Чайкоўскага», — адзначылі ў тэатры.

«Гэта проста лёс. Шчаўкунок, здаецца, са мной усё жыццё. Не забыць, як, будучы вучнем Акадэміі рускага балета ў Пецярбургу, я выконваў ролю Шчаўкунка-лялькі. Гэтыя ўспаміны для мяне вельмі дарагія. Крок за крокам ідучы да свайго «Шчаўкунка», спрабаваў наблізіцца да музыкі Пятра Чайкоўскага і адпавядаць духу літаратурнага твора. Але, прызнаюся, «нараджэнне» спектакля адбылося, як толькі мастак Яўген Лысік прадставіў свой макет, — у шчаслівай творчай аднадумнасці. У тую ж ноч у сне я ўбачыў першы акт балета — прытчы пра дзяцінства, пра шчасце, пра каханне, пра падарожжа ў мару. Як важна ў свеце ёлачнага, лялечнага свята, такога яркага, багатага, прыгожага, не растварыць, не страціць даверу чалавека да чалавека, натуральнасці, шчырасці», — падзяліўся Валянцін Елізар’еў.

На сустрэчу з гледачамі ў час прэзентацыі прыйдуць: Валянцін Елізар’еў, выканаўца партыі Машы — народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна, выканаўца ролі Драсельмеера — вядучы майстар сцэны Эвен Капітэн і фатограф Аляксей Казнадзей. «Гэта чацвёрты яго фотаальбом. У першай кнізе Аляксей Казнадзей прадставіў фатаграфіі, на якіх захаваў моманты рэпетыцый балета «Спартак», а таксама падрыхтоўкі да гала-канцэрта, прысвечанага 70-гадоваму юбілею Валянціна Елізар’ева. Другі альбом быў прысвечаны балету Сяргея Пракоф’ева «Рамэа і Джульета», трэці — балету Аркадзя Пятрова «Стварэнне свету», — расказалі арганізатары.

«У час прэзентацыі ў гледачоў будзе ўнікальная магчымасць паразмаўляць з харэографам Валянцінам Елізар’евым. Ён выбера шчасліўчыкаў, аўтараў найбольш упадабаных яму пытанняў, якія атрымаюць у падарунак фотаальбом. Зрэшты, усе гледачы, якія прыйшлі ў гэты вечар у тэатр, змогуць набыць яго і таксама папрасіць распісацца ў ім. Праслаўлены харэограф вам не адмовіць», — падкрэслілі ў тэатры.