Нефармальная сустрэча Лукашэнкі і Аліева прадаўжалася 5 гадзін

Важное Официально

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў у рамках візіту кіраўніка беларускай дзяржавы правялі 13 красавіка ў Баку нефармальную сустрэчу. Перагаворы доўжыліся амаль пяць гадзін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сустрэчу з азербайджанскім калегам Аляксандр Лукашэнка накіраваўся адразу ж пасля прылёту ў Баку. Прэзідэнты сустрэліся прыкладна ў 19 гадзін, нефармальныя перагаворы скончыліся апоўначы.

Якія менавіта пытанні абмяркоўвалі лідары сам-насам, пакуль невядома. Але раней прэс-служба Прэзідэнта Беларусі паведамляла: кіраўнікі дзяржаў разгледзяць «асноўныя напрамкі беларуска-азербайджанскіх адносін і стратэгічныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва». Акрамя таго, каля 22 гадзін Telegram-канал «Пул Першага» паведаміў, што ў перагаворны пакой прэзідэнтам перадалі «тоўстыя папкі дакументаў» і што «гэтым вечарам у асноўным міжнародку абмяркоўваюць».

14 красавіка Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў правядуць афіцыйныя перагаворы ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Азербайджана. Чакаецца, што асноўная ўвага будзе ўдзелена пашырэнню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і напаўненню супрацоўніцтва новым зместам.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам наблізіўся да паўмільярда долараў. Азербайджан увайшоў у топ-15 буйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. Але, як адзначыў у час размовы з журналістамі пасол Беларусі ў Азербайджане Андрэй Раўкоў, мінулы год для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва быў складаны і напружаны. У першую чаргу з-за сітуацыі з пандэміяй. Пры гэтым беларускі экспарт у Азербайджан павялічыўся больш як на 30 таварных пазіцый. Напрыклад, добра зарэкамендавалі сябе на азербайджанскім рынку беларускія прадукты харчавання. Істотны ўклад у тавараабарот унеслі і пастаўкі паяздоў Stadler.

«Таму павелічэнне экспартнага патэнцыялу паміж нашымі дзяржавамі — гэта рэальная задача, над якой трэба працаваць. Гэтай мэце прысвечаны ў тым ліку і візіт кіраўніка дзяржавы, — расказаў Андрэй Раўкоў. — Візіт на вышэйшым узроўні — гэта не толькі палітычнае пытанне. Гэта перш за ўсё наданне імпульсу адносінам паміж дзвюма краінамі і дзяржаўнаму апарату, што дасць магчымасць развіваць агульныя падыходы на карысць нашых народаў».