Больш за 300 прапаноў паступіла ад грамадзян па змяненні выбарчай сістэмы — Карповіч

Общество

Больш за 300 прапаноў паступіла ад грамадзян па змяненні выбарчай сістэмы і правядзенні рэферэндуму, заявіла журналістам намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда, член Канстытуцыйнай камісіі Наталля Карповіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«На пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі я дакладвала тыя прапановы, якія паступілі ад грамадзян, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, шэрага палітычных партый, што датычацца змянення раздзела III Канстытуцыі «Выбарчая сістэма. Рэферэндум». Вядома ж, грамадзяне, падтрымліваючы тыя прынцыпы выбарчай сістэмы, якія закладзены ў нашай Канстытуцыі — гэта ўсеагульнае роўнае прамое выбарчае права, тайнае галасаванне, тым не менш выказалі шэраг прапаноў, што датычацца ўдакладнення і развіцця гэтых прынцыпаў у канстытуцыйных нормах. Такіх прапаноў паступіла больш за 300″, — расказала Наталля Карповіч.

У прыватнасці, паступілі прапановы аб мэтазгоднасці змянення ўзроставых цэнзаў грамадзян, увядзення гранічнага ўзросту для ўдзелу ў выбарах і займання выбарных пасад, каб выбаршчык больш свядома прымаў сваё палітычнае рашэнне.

«Таксама ўносіліся прапановы, што датычацца выключэння некаторых абмежаванняў, прадугледжаных у Канстытуцыі для асоб, падазроных ва ўчыненні злачынстваў. У змякчэнні абмежаванняў у частцы асоб, якія прызнаны судом недзеяздольнымі для таго, каб абмяжоўвалася права выбіраць і быць выбраным толькі для тых недзеяздольных, якія з-за свайго псіхічнага стану не могуць прыняць адпаведнае рашэнне», — адзначыла член Канстытуцыйнай камісіі.

Акрамя таго, грамадзяне звярталі ўвагу на неабходнасць развіцця ў палажэннях Канстытуцыі ўдзелу розных форм сацыяльнага прадстаўніцтва. Перш за ўсё размова ідзе аб палітычных партыях. У гэтай частцы ўносіліся часам нават абсалютна процілеглыя прапановы. Шэраг грамадзян прапануе захаваць мажарытарную выбарчую сістэму, пры якой усе дэпутаты выбіраюцца народам, і кожны выбаршчык галасуе за канкрэтнага кандыдата. Іншыя прапануюць увесці ў выбарчую сістэму элементы прапарцыянальнасці, гэта значыць прадстаўніцтва палітычных партый.

«Таксама грамадзянамі ўносіліся прапановы, што датычацца змянення, удакладнення магчымага парадку фінансавання выбараў. Гэта значыць пашырэнне форм фінансавання выбараў за кошт розных прыватных сродкаў. І ў сувязі з гэтым, вядома, Канстытуцыйнай камісіяй будуць падрабязна разгледжаны такія пытанні. Але пры гэтым прынцып роўнасці магчымасцей кандыдатаў і празрыстасці фінансавання застанецца нязменным», — падкрэсліла Наталля Карповіч.

Шэраг прапаноў датычыўся выключэння або, наадварот, узмацнення магчымасці адклікання тых выбіраемых службовых асоб, якія не апраўдалі давер выбаршчыкаў.

«У Канстытуцыі функцыянуе інстытут адклікання дэпутатаў, членаў Савета Рэспублікі, і на сённяшні дзень ён фактычна ў свеце нідзе не прымяняецца. Паколькі лічыцца, што калі дэпутат хоць і выбраны ад канкрэтнай выбарчай акругі, але прадстаўляе ўжо ўсю Беларусь у цэлым. Ён усё роўна мае агульнанацыянальны мандат і павінен галасаваць у парламенце і працаваць зыходзячы з гэтага свайго агульнанацыянальнага прадстаўніцтва. Таму грамадзяне прапанавалі з Канстытуцыі гэту норму выключыць. Хоць былі зноў жа процілеглыя прапановы, наадварот, прадугледзець магчымасць адклікання вызначанай колькасцю галасоў грамадзян дэпутата, члена Савета Рэспублікі, які не апраўдаў давер выбаршчыкаў», — адзначыла член Канстытуцыйнай камісіі.

Наступны блок пытанняў датычыўся змяненняў у главу Канстытуцыі аб правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Асноўныя з іх — пашырыць кола суб’ектаў, якія могуць ініцыяваць рэферэндум, удакладніць юрыдычную сілу рэферэндуму, рашэнняў, што прымаюцца на ім. «І істотная прапанова датычыцца магчымасці папярэдняй праверкі пытанняў, выносімых на рэспубліканскія рэферэндумы, паколькі гэта пэўная затрата арганізацыйных намаганняў і фінансавых рэсурсаў, грамадзяне прапануюць ускласці, напрыклад, на Канстытуцыйны суд або іншы дзяржаўны орган паўнамоцтвы праверкі, вынясення заключэння ці рашэння аб мэтазгоднасці пастаноўкі пытання на рэферэндуме ў гэтай форме», — дадала Наталля Карповіч.

Паводле яе слоў, усе прапановы грамадзян будуць вывучаны Канстытуцыйнай камісіяй з улікам практыкі, міжнародных падыходаў, асаблівасцей развіцця нашай краіны.

Сёння праходзіць другое пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі. На ім разглядаюцца прапановы па змяненні канстытуцыйных палажэнняў аб асновах выбарчай сістэмы. Першае пасяджэнне адбылося 31 сакавіка. Тады ж быў зацверджаны графік пасяджэнняў — яны будуць праходзіць двойчы ў месяц.