Чыста не там, дзе ўбіраюць,а там, дзе не смецяць…

Общество

Транспарт жылкамунгаса не паспявае забіраць рэшткі расліннасці, якую да кантэйнернай пляцоўкі зносяць тутэйшыя жыхары. А хтосьці да галля і смецце ўмудраецца «прыстроіць». Ну і што, што кантэйнер побач пусты стаіць? У ім жа мяшкі зусім не так глядзецца будуць!

Месячнікі навядзення парадку на зямлі даўно сталі традыцыяй і прыносяць раёну немалую карысць. Праўда, да гэтай пары знаходзяцца пэўныя болевыя кропкі, на якіх «спатыкаецца» не толькі позірк, але і рукі. У матэрыяле мы раскажам, дзе ад адказных арганізацый, ведамстваў, службаў і звычайных жыхароў населеных пунктаў Валожыншчыны гэтымі вясновымі днямі патрабуецца асаблівая ўвага.

Кантроль за станам добраўпарадкавання дарог і вуліц, прыдамавых тэрыторый і прыватных падворкаў заканамерна ўскладаецца на санітарную службу. У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі падзяліліся інфармацыяй аб выніках нагляду па камунальным падзеле работы за першы квартал бягучага года.

За тры месяцы спецыялісты РЦГіЭ абследавалі 361 суб’ект гаспадарання. Глядзелася ўтрыманне тэрыторыі, кантэйнерных пляцовак, грамадскіх прыбіральняў. Таксама ў пералік падкантрольных аб’ектаў увайшлі арганізацыі аховы здароўя, зоны адпачынку, аўтадарогі, могілкі, гаражныя і дачныя кааператывы, будаўнічыя пляцоўкі, аўтазаправачныя станцыі, сельскагаспадарчыя аб’екты. Былі наведаны 764 аб’екты, і на 547 выяўлены тыя ці іншыя парушэнні. У прыватнасці, 275 парушэнняў тычыліся ўтрымання тэрыторый, 98 – кантэйнерных пляцовак.

Некалькі разоў у год супрацоўнікі арганізацый, адказных за чысціню на схіле па вуліцы 50 гадоў Кастрычніка, прыбіраюць сквер ад лісця і смецця…

 

…а ў якасці завяршальнага этапу вапнуюць бардзюры.

Галоўны санітарны ўрач раёна Павел Сарока паведаміў: з пачатку года складзены 25 пратаколаў аб адміністрацыйнай адказнасці, накладзены 25 штрафаў. Выдадзены 355 прадпісанняў і рэкамендацый на ліквідацыю парушэнняў. Не абышлося і без папярэджанняў грамадзянам: на рукі жыхары атрымалі 241 адпаведны дакумент. Да ўхілення выяўленых недахопаў гаспадарання была прыпынена дзейнасць аднаго аб’екта. Спецыялісты РЦГіЭ адправілі 205 інфармацыйных лістоў у ведамствы і арганізацыі, накіравалі 8 хадайніцтваў аб прыцягненні асобных работнікаў да дысцыплінарнай адказнасці.

Разам з тым праводзілася і планамерная работа па падрыхтоўцы ўзаконеных зон масавага адпачынку на водных аб’ектах да вяснова-летняга перыяду. Пасля сходу снежнага покрыва адбыўся камісійны аб’езд усіх зон масавага адпачынку. Падведамным адказным арганізацыям былі накіраваны лісты і рэкамендацыі аб ліквідацыі парушэнняў, аб неабходнасці заключэння дагавораў адбору проб згодна з планавым лабараторным кантролем, а таксама лісты аб неабходнасці заключэння дагавораў на правядзенне акарыцыднай апрацоўкі (знішчэння іксодавых кляшчоў на прыродных ландшафтах) тэрмінам да 10 мая.

З кантрольных кропак на цэнтралізаваных і дэцэнтралізаваных крыніцах водазабеспячэння Валожыншчыны праводзяцца адборы проб вады. Трэба адзначыць, што ні ў адным з 15 водаправодаў, 4 калодзежаў і 4 артэзіянскіх свідравін мікрабіялагічнае забруджванне не выяўлялася.

Дадаткова праводзіцца кантроль рэалізацыі шклоамывальных вадкасцей. Фактаў рэалізацыі нестандартнай прадукцыі не ўстаноўлена.

На кантролі ў санітарна-эпідэміялагічнай службы і рэалізацыя парфумерна-касметычнай прадукцыі. Устаноўлены факт рэалізацыі аднаго пратэрмінаванага тавару. Пяць адзінак замежнай прадукцыі розных найменняў зняты з рэалізацыі: на іх адсутнічалі пацвярджальныя сертыфікаты якасці.

Месца адпачынку каля касцёла Святога Юзафа ў Валожыне.
Тэрыторыя магазіна «Рытуал» ачышчана ад цвёрдых адходаў.

 

Участак «Водаканал» правёў уборку прылеглага ўчастка ад рэшткаў расліннасці, лістоў і дробнага смецця.

Іск безгаспадарчасці

Па словах адміністрацыі ААТ «ПМК-188», гэту пляцоўку на іх тэрыторыі арандуе індывідуальны прадпрымальнік.
Адзін з прыватных падворкаў у Ракаве. Гаспадару, мабыць, давядзецца папрацаваць вельмі шчыра.

 

Такі неахайны выгляд яшчэ ў пачатку месяца мела безгаспадарчая сядзіба на адной з вуліц райцэнтра.
Чамусьці выпівохі аблюбавалі для сумесных «сходаў» тэрыторыю непадалёк мемарыяла «Смуткуючая маці» (у мікрараёне Папоўка). Уборка тут праводзіцца рэгулярна, але, як бачна, хапае яе ненадоўга.

17 красавіка адбудзецца рэспубліканскі суботнік. Арганізацыям, прадпрыемствам і ўстановам рэкамендавана правесці яго на рабочых месцах або сканцэнтраваць сілы на добраўпарадкаванні замацаваных тэрыторый. Хочацца спадзявацца, што і жыхары населеных пунктаў не застануцца ўбаку ад гэтай падзеі. Калі мы ўсе прыкладзём крыху намаганняў цяпер і будзем падтрымліваць парадак потым, наша малая радзіма стане сапраўды чароўным, мілым сэрцу і позірку куточкам…