Официально

На абласным этапе ХV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства аператараў сувязі і паштальёнаў па дастаўцы паштовых адпраўленняў і друкаваных СМІ, які адбыўся нядаўна на базе адпачынку “Дружба” пад Мінскам, аператар I класа з 14-гадовым стажам А. К. КАЛАСОЎСКАЯ заняла ганаровае 2-е месца і тым самым даказала, што ёй падуладны ўсе тонкасці справы.

“Аператар і паштальён – на сённяшні дзень асноўныя рабочыя прафесіі паштовай галіны, – зазначае Ала Казіміраўна, – і ад таго, наколькі якасна і аператыўна яны будуць працаваць, залежыць імідж усяго прадпрыемства”. У конкурсе яна ўдзельнічала ўпершыню, таму не скрывае, што вельмі хвалявалася. З практычнай часткай справілася на выдатна, бо гэта тое, чым займаецца кожны дзень – прымае пасылкі і пісьмы з электроннай маркай, запаўняе кнігу касіра-аперацыяніста, страхуе аўтамабілі. А вось тэарэтычная – прымусіла неаднойчы пагартаць падручнікі. Аднак вопыт работы, уменне сабрацца ў рашаючы момант, а таксама падтрымка родных і сяброў дапамаглі дайсці да перамогі.

Зараз пошта рухаецца наперад, укараняе шмат новых паслуг. А каб іх аказаць, трэба мець спецыяльную адукацыю. “Мы ўвесь час вывучаем нешта новае, – заўважае аператар, – пасля прапануе кліентам – і гэта самае цікавае. А яшчэ нам патрэбна рабіць усё вельмі хутка, каб не было чэргаў і каб да нас ішлі новыя кліенты. Тут важна быць яшчэ і псіхолагам, бо кожны дзень маем стасункі з людзьмі і павінны знайсці падыход да іх, каб аказаць больш паслуг і адпаведна зарабіць больш грошай”.

 



Добавить комментарий