Ветэраны выбіраюць актыўнае і здаровае даўгалецце

Общество

На мінулым тыдні ў Рэспубліканскім Палацы ветэранаў у Мінску прайшла IX справаздачна-выбарная канферэнцыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У ліку 200 дэлегатаў з усёй краіны была старшыня Валожынскай раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Фёдараўна ЦІГАНІНА.

 На сёння арганізацыя налічвае больш за два мільёны ветэранаў вайны, Узброеных Сіл і працы. 500 тысяч з іх яшчэ працуюць і актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці. Узначальвае аб’яднанне Іван Аркадзьевіч Гардзейчык – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, баявы афіцэр – генерал-маёр у адстаўцы.

Задач у ветэранскім фарміраванні шмат: ад сацыяльнай і прававой абароны ветэранаў да мерапрыемстваў з моладдзю, грамадска-патрыятычнага выхавання насельніцтва, удзелу ў сумесных з органамі ўлады акцыях па падтрыманні ў належным стане помнікаў баявой і працоўнай славы, месцаў пахавання абаронцаў Айчыны, устанаўленні невядомых прозвішчаў загінуўшых, лёсаў прапаўшых без вестак і ўвекавечванні іх памяці. Наладжана цеснае супрацоўніцтва па розных кірунках як з ветэранскімі арганізацыямі краін-удзельніц СНД, так і з рэспубліканскімі грамадскімі аб’яднаннямі, асабліва з Саюзам моладзі і прафсаюзамі. З большасцю з іх у сакавіку бягучага года падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні – для аб’яднання і кансалідацыі намаганняў у Год народнага адзінства.

На канферэнцыі былі абмеркаваны не толькі вынікі работы арганізацыі за апошнія пяць гадоў, але і пытанні сацыяльнай абароны ветэранаў і іх удзел у жыцці грамадства. Як адзначыў лідар ветэранскага руху, большасць членаў аб’яднання непасрэдна не ўдзельнічае ў вытворчасці тавараў, работ і паслуг, у эканоміцы краіны, але пасіўнымі спажыўцамі таксама не з’яўляюцца. “Мы актыўныя, і наш шматгадовы вопыт, колішняя праца на дабрабыт Беларусі высока ацэньваюцца грамадствам, – падкрэсліў І. А. Гардзейчык. – Самая галоўная задача сёння – падтрымка палітыкі кіраўніка краіны. На дзяржаўным узроўні прынята праграма сацыяльнага развіцця на 2021-2025 гады. У ёй утрымліваецца шэраг дакументаў, у тым ліку і планаў, па якіх мы будзем працаваць. Трэба дайсці да кожнага ветэрана – каб ніхто не застаўся забыты. Асаблівая ўвага і падтрымка адзінокім і адзінока пражываючым ветэранам, інвалідам – тым, хто сапраўды мае патрэбу ў гэтай дапамозе”.

На бліжэйшыя пяць гадоў ветэранскай арганізацыяй вызначаны адразу некалькі задач – яны датычацца сацыяльнай інтэграцыі, годнага даходу, актыўнага і здаровага даўгалецця. Сёлета аб’яднанне дапаможа ў фарміраванні саветаў пажылых людзей пры мясцовых выканкамах. Яшчэ ў планах – мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года народнага адзінства. А галоўным сваім абавязкам ветэраны лічаць неабходнасць перадаць памяць нашчадкам і не дапусціць перапісвання гісторыі, прывіць любоў да сваёй Радзімы.

На новы тэрмін старшынёй ветэранскай арганізацыі пераабраны І. А. Гардзейчык. У 2022 годзе Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў адзначыць 35-гадовы юбілей.

Алена ЗАЛЕСКАЯ