Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

З 15 лютага ў райцэнтры распачата будаўніцтва новага аб’екта, які афіцыйна акрэслены як “Сетка абаненцкага доступу г. Валожын мікрараён вуліц Шчарбіны і 70 гадоў Кастрычніка” па пракладцы оптавалаконнага кабелю.

Больш зразумела будзе сказаць, што валаконна-аптычныя лініі сувязі пракладваюцца па вуліцах Лугавая, Каралёва, 70 гадоў Кастрычніка, Скарыны, Светлая і частка вуліцы Шчарбіны (мікрараён забудовы за СШ № 2). Будаўніцтва ліній вядзе ЗАТ “Тэлекам”. Гэта дасць магчымасць падключэння высакаскорасных тарыфных планаў доступу ў сетку Інтэрнэт і пакета паслуг “Ясна”. Увод аб’екта запланаваны на канец бягучага месяца. Яшчэ адзін аналагічны аб’ект будуецца ў вёсцы Бузуны Ракаўскага сельсавета. Пракладку оптавалаконных ліній у раён індывідуальнай забудовы вядзе ТАА “Белсувязьбуд”.

Дзякуючы ўдзелу членаў раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і вучням старэйшых класаў у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, лясныя ўгоддзі Валожыншчыны павялічыліся на 58320 маладых саджанцаў.

 Самымі выніковымі былі каманды прафсаюзных актывістаў Багданаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа – 9700 саджанцаў, Сакаўшчынскага і Пяршайскага ВПК – 9400 і 5800, ДЮСШ – 9000, СШ № 1 райцэнтра – 6500. Акрамя таго, тэрыторыі саміх устаноў адукацыі, дашкольных дзіцячых устаноў, паркавыя зоны населеных пунктаў упрыгожылі маладыя каштаны, дубкі, кедры, бярозкі, ліпы, туі, дэкаратыўныя кусты і, безумоўна, першацветы. Пасадачным матэрыялам у большасці выпадкаў забяспечвалі лясніцтвы. Туі райкам прафсаюза набываў за ўласныя сродкі ў фермерскай гаспадарцы. Для добраўпарадкавання тэрыторый устаноў адукацыі з саджанцамі і кветкамі дапамагалі бацькі і непасрэдна работнікі ўстаноў.

 У рамках рэспубліканскага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” ў вучэбных групах Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя адбылася размова на тэму “Аб духоўных і маральных каштоўнасцях: дыялог пакаленняў”.

Да навучэнцаў першага курса завітаў настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма айцец Сергій. А ў дыялог з другакурснікамі ўступіў настаяцель храма святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца айцец Валерый. Падчас сустрэч разважалі пра сучаснае жыццё, міласэрнасць, справядлівасць, пачуццё патрыятызму і грамадзянскую адказнасць за свае ўчынкі. А таксама пра каштоўнасці, якія часта падмяняюцца вялікімі грашамі, і пра тое, што не ўсё вымяраецца матэрыяльным дастаткам.

У першым квартале бягучага года ў раёне нарадзіліся 66 немаўлят, сярод якіх дамінуюць хлопчыкі – 36. Дарэчы, летась за такі ж перыяд з’явіліся на свет 63 дзіцяці. Хлопчыкаў таксама было больш – 33.

 У 2020 годзе ў раёне нарадзілася адна двойня. Ёсць яна і цяпер – у першых чыслах красавіка жыхарка райцэнтра нарадзіла двух дачушак і ў адзін момант стала мнагадзетнай маці. У сям’і ўжо гадаваўся двухгадовы сын.

Адбылося асабістае першынство раёна па шахматах памяці ветэрана спорту А. В. Губіна.

У спаборніцтвах прынялі ўдзел 7 аматараў гэтай інтэлектуальнай старадаўняй гульні. Першае-другое месцы падзялілі Андрэй Кашкан і Вячаслаў Косік, трэцяе месца заваяваў Анатоль Аліеў. Тройка прызёраў адзначана граматамі і грашовымі прызамі.

 Выхаванцы дзённага аддзялення для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўпершыню наведалі раённы цэнтр бяспекі на базе сярэдняй школы № 2.

Супрацоўнікі РАНС узгадалі пра правілы пажарнай бяспекі, расказалі, як тушыць пажар, карыстацца вогнетушыцелямі. Таксама выхаванцы паспрабавалі рэальна выратаваць чалавека, які тануў у палонцы. Увогуле сам цэнтр пакінуў незабыўныя ўражанні, адначасова наведвальнікі атрымалі новыя веды і падмацавалі старыя, што таксама не было лішнім. Бо ніхто не ведае, дзе яго могуць напаткаць непрадбачаныя сітуацыі.

На мінулым тыдні ў Мядзелі прайшлі занальныя спаборніцтвы па міні-футболе сярод школьнікаў 2008-2010 гадоў нараджэння.

Зборная Валожына перамагла сваіх равеснікаў з Мядзеля і Вілейкі з лікам 7:1 і 3:2. А вось каманда Маладзечна аказалася больш моцным сапернікам, ёй нашы землякі ўступілі з лікам 2:4. У выніку занялі другое месца, але ў фінал выйшла толькі каманда-пераможца.