Узгадалі страшныя падзеі

Важное Общество

Святлана Сяргееўна ЯРАВІЦЫНА расказвае ліцэістам пра лагеры смерці, што стварылі фашысты.

Да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў у Валожынскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі адбылося мерапрыемства “Жыццё і смерць за агароджай канцлагера”.

Выкладчык гісторыі Святлана Сяргееўна Яравіцына распавяла пра генацыд і масавы тэрор у гады Другой сусветнай вайны, шматлікія лагеры смерці, што стварылі нацысты на тэрыторыі розных краін. Больш за 260 з іх дзейнічалі ў Беларусі. Непасільная паднявольная праца, жудасныя ўмовы ўтрымання, пабоі, здзекі, зверствы чакалі кожнага, хто сюды пападаў. Яна прапанавала ўвазе рабят сюжэты дакументальнага фільма пра ўтрыманне ў канцлагерах, страшныя бесчалавечныя эксперыменты, што там праводзіліся над дарослымі і нават зусім малымі дзецьмі.

Дырэктар і навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая і Ніна Уладзіміраўна Бобрык прадставілі відэапрэзентацыю пра халакост, канцлагеры, масавыя знішчэнні людзей і іншыя падзеі, што адбываліся падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Валожынскага раёна. Ніхто з прысутных не застаўся раўнадушным да ўбачанага.

На заканчэнне выступіла ўдзельнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Людміла Вячаславаўна Садоўская. Яна прачытала ўласны верш “Хатынь” пра мірных жыхароў, якіх знішчылі фашысцкія вылюдкі, узгадала пра сваё асабістае стаўленне да трагедыі беларускага народа, пра абавязак нашчадкаў захоўваць памяць аб тых страшных падзеях. Хлопцы і дзяўчаты слухалі з вялікай увагай, было бачна, кожнае слова ўвайшло ў іх сэрцы, кранула душу.

Анжэла РАДЫНА