Вольны час – крэатыўна, займальна, цікава

Культура Общество

У мінулую суботу ў рамках абласнога фестывалю метадычных ідэй “Крокі да майстэрства” на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна прайшоў семінар “Прафесійна-творчае асяроддзе як рэсурс развіцця ўстановы дадатковай адукацыі”, удзельнікамі якога сталі прадстаўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі Міншчыны на чале з начальнікам аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння маладзёжных ініцыятыў МАІРА Жаннай Рыгораўнай Ішчанка.

Цікава бавяць час за настольнымі гульнямі.

Кіраўнік цэнтра творчасці Марыя Валянцінаўна Кушнір коратка расказала гасцям пра работу ўстановы. Для знаёмства з горадам увазе прысутных быў прапанаваны відэаролік “Вечна юны і старажытны Валожын”, створаны калектывам навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Камп’ютарная графіка” і “Майстэрня цудаў”.

Педагогі дадатковай адукацыі Канстанцін Аляксандравіч Вайткевіч і Ірына Вацлаваўна Жабко правялі інтэграваны занятак па вырабе брошкі “Цюльпан”. Новыя і цікавыя формы работы прадэманстравалі Алена Іванаўна Собалева, Наталля Аляксандраўна Буклыс і Вольга Францаўна Радына падчас майстар-класаў па вырабе арыгінальнай паштоўкі-капялюшыка “Подых лета” і брошкі з джынсавай тканіны.

Ва ўтульнай атмасферы time-кафэ.

Да дня правядзення семінара было прымеркавана адкрыццё ў цэнтры творчасці time-кафэ “ВМесте”, таму яго ўдзельнікі сталі першымі наведвальнікамі гэтага прыгожага, стыльна абсталяванага памяшкання  са сцяной з грыфельным і грыфельна-магнітным пакрыццём, тэлеэкранам і караоке, сцэнай і вялікай колькасцю разнастайных настольных гульняў. Павіншаваць калег з такой важнай падзеяй завіталі педагогі школы мастацтваў і падарылі прысутным некалькі творчых нумароў. Добрыя пажаданні выказалі галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Вольга Аляксандраўна Іваноўская і госці мерапрыемства. У іх з’явілася выдатная магчымасць пераўвасобіцца ў дзяцей. Дарослыя са шчырай непасрэднасцю ўдзельнічалі ў гульнях, спявалі, танцавалі. Добразычлівая ўтульная абстаноўка настройвала на пазітыўны лад. Удзельнікі семінара плённа папрацавалі, падзяліліся вопытам, завялі новыя знаёмствы, атрымалі шмат станоўчых эмоцый.

 

Ля сцяны з грыфельным і грыфельна-магнітным пакрыццём.

І так, адкрыццё time-кафэ адбылося. Хочацца спадзявацца, што яно стане вельмі папулярным месцам для баўлення вольнага часу ў дзяцей, падлеткаў і моладзі. Цяпер у гэтым цудоўным месцы можна арганізаваць тэматычныя сустрэчы, гульнявыя і забаўляльныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, адзначыць святы і дні нараджэння, цікава правесці час за настольнымі гульнямі, якіх тут прапануецца вялікая колькасць на любы густ, проста памаляваць. Адным словам, зроблена ўсё, каб крэатыўна, займальна, цікава правесці час.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара