Дзіцячыя заняткі ў басейне: радасць і карысць!

Общество Спорт

Падчас заняткаў па навучанні дзяцей плаванню.

Кожная ўстанова адукацыі ўключае ў сваю праграму мерапрыемствы, якія накіраваны на ўмацаванне здароўя дзяцей. ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Івянец” – не выключэнне. Трэба адзначыць, што наша ўстанова дашкольнай адукацыі – адзіная ў раёне, дзе ёсць басейн, у якім праводзяцца заняткі па навучанні выхаванцаў плаванню.

Басейн – месца, дзе рабяты атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый.

Напэўна, няма на свеце дзіцяці, якое не любіць гульні ў вадзе. Дашкольны ўзрост – самы прыдатны час, калі гэтыя гульні можна ненадакучліва накіраваць у патрэбным напрамку і навучыць рабят плаваць. Вялікая радасць і неацэнная карысць для фізічнага развіцця – вось што маюць на ўвазе пад сабой рэгулярныя заняткі ў басейне. Менавіта ў дзяцінстве лепш за ўсё закладваюцца такія навыкі.

Навошта дзіцяці басейн? Плаванне – адзін з самых простых спосабаў зрабіць яго загартаваным, здаровым і фізічна развітым. Яно фарміруе паставу, моцную мышачную сістэму, умацоўвае апорна-рухальны апарат, сэрца, легкія. Заняткі ў басейне развіваюць каардынацыю, павялічваюць сілы, робяць дзяцей больш вынослівымі. У выніку гэтага ў іх паляпшаецца сон і апетыт. Наведванне выхаванцамі басейна садзейнічае таксама папярэджанню такіх захворванняў, як прастуда, ВРВІ, грып і іншых. І, нарэшце, заняткі ў басейне падараць дзецям шмат станоўчых эмоцый і выдатны настрой на ўвесь дзень.

Святлана МАЗАНІК,

кіраўнік фізічнага выхавання

ДУА “Дашкольны цэнтр

развіцця дзіцяці г. п. Івянец”