Аб сапраўдных сябрах, далікатных пытаннях і новай стадыі кааперацыі. Падрабязнасці візіту Лукашэнкі ў Азербайджан

Важное Главное

Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13-14 красавіка наведаў з візітам Азербайджан. Пабываць у гэтай краіне і абмеркаваць з яе лідарам Ільхамам Аліевым развіццё двухбаковых адносін кіраўнік дзяржавы збіраўся яшчэ ў канцы мінулага года. Але візіт давялося пераносіць — ненадоўга. «Сапраўдныя сябры не адкладаюць на доўгі час тыя мерапрыемствы, якія трэба правесці своечасова. Перашкодзіць гэтаму не можа ні адна пандэмія», — заявіць потым на перагаворах Аляксандр Лукашэнка. Але аб усім па парадку. Па звестках БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі стаў першым замежным лідарам, які наведаў Азербайджан у гэтым годзе. І хоць з-за прынятых у краіне каранцінных мер колькасць афіцыйных мерапрыемстваў давялося скараціць і візіт атрымаў статус рабочага, парадак дня сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў аказаўся насычаным. І калі меркаваць аб працягласці перагавораў і цеплыні, з якой прэзідэнты адзываліся аб іх, абмеркаваць сапраўды трэба было многае, і вынікам бакі засталіся задаволены.

На першую сустрэчу са сваім азербайджанскім калегам Аляксандр Лукашэнка накіраваўся адразу ж пасля прылёту ў Баку. Яна мела нефармальны характар і доўжылася некалькі гадзін. Размаўлялі прэзідэнты тэт-а-тэт, таму аб тым, што менавіта абмяркоўвалася за закрытымі дзвярыма, можна толькі здагадвацца. «Мы мелі магчымасць пагутарыць нефармальна, абмеркаваць шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня, рэгіянальную праблематыку», — прыадкрыў пазней заслону тайны Ільхам Аліеў, але ўдавацца ў падрабязнасці не стаў.

Перад прылётам Аляксандра Лукашэнкі начным рэйсам у Баку прыбыла дэлегацыя беларускіх міністраў. Перад сустрэчай прэзідэнтаў яны паспелі абмеркаваць са сваімі азербайджанскімі візаві галіновыя пытанні і падпісаць камерцыйныя кантракты. «Падпісаны кантракт на пастаўку партыі трактароў у колькасці 550 штук, сума кантракта — каля $9 млн», — расказаў міністр прамысловасці Пётр Пархомчык.

Трактаракамплекты будуць адпраўлены на Гянджынскі аўтамабільны завод, дзе збіраюць беларускую тэхніку. З 2007 года тут сабрана больш за 11,5 тыс. беларускіх трактароў, а таксама каля 3,5 тыс. адзінак тэхнікі МАЗ, «АМКАДОР», «Белкамунмаш» і «Гомсельмаш».

Магчыма, у Азербайджане з’явіцца і вытворчасць беларускіх электробусаў. Краіна хоча абзавесціся пасажырскім электратранспартам, але ў планах не проста закупка тэхнікі, а стварэнне свайго прадпрыемства. Таму цяпер ужо вядуцца тэставыя выпрабаванні.

На наступны дзень, 14 красавіка, адбыліся афіцыйныя перагаворы. Кіраўнікі дзяржаў сустрэліся ў палацы «Загульба», які размясціўся на сонечным беразе Каспійскага мора. Дарэчы, перш чым трапіць на перагаворы, дэлегацыям давялося і напярэдадні вечарам у гасцініцы, і раніцай у палацы здаваць тэст на каранавірус. Паводле нашых назіранняў, на лаўку запасных ніхто не быў адпраўлены.

Па традыцыі сустрэча двух лідараў пачалася ў вузкім складзе, на яе толькі запрасілі міністраў замежных спраў, а на працягу ўсёй размовы прэзідэнтам адкрываўся неверагодна маляўнічы марскі від. Напэўна, гэта лепшы фон для перагавораў.

Ільхам Аліеў, вітаючы госця, адзначыў, што супрацоўніцтва паміж краінамі паспяхова развіваецца як у палітычнай сферы, так і ў эканоміцы. Паводле яго слоў, беларуска-азербайджанскім сувязям была нададзена такая дынаміка, што развіццё ідзе па ўсіх напрамках.

«У нас адносіны зусім свабодныя ад усякіх праблем. Нашы рэгулярныя кантакты даюць магчымасць проста падводзіць вынікі зробленага, намячаць наступныя крокі і рухацца наперад як два сябры, партнёры», — заявіў Прэзідэнт Азербайджана.

«Напэўна, наша сустрэча ў нейкай ступені прагучыць рэфрэнам на фоне гэтых усіх падзей: пандэміі і іншага. Але сапраўдныя сябры не адкладаюць на доўгі час тыя мерапрыемствы, якія трэба правесці своечасова. Перашкодзіць гэтаму не можа ні адна пандэмія», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

У мінулым годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам наблізіўся да паўмільярда долараў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта добры вынік з пункту гледжання дынамікі. «Што датычыцца нашых палітычных адносін, цяжка сказаць, чаго нам не хапае. У нас бліскучыя адносіны. І я гэтым заўсёды ганаруся. Мы аднавілі самыя цёплыя адносіны з часоў Савецкага Саюза па ўсіх напрамках», — падкрэсліў Прэзідэнт.

У прысутнасці журналістаў Аляксандр Лукашэнка вырашыў закрануць, паводле яго слоў, і далікатныя пытанні, прапанаваўшы паглыбіць супрацоўніцтва ў пастаўках вуглевадароднай сыравіны. «Нам, можа, трэба недзе разгледзець пытанне паглыблення адносін менавіта ў гэтай сферы. Вельмі, зразумела, тонкае і далікатнае па прычыне таго, што Беларусь размешчана ў эпіцэнтры эканамічных і палітычных падзей. Але тым не менш няма невырашальных пытанняў», — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама прапанаваў падтрымку з боку Беларусі ў аднаўленні закранутых нядаўнім канфліктам тэрыторый. «Мы ўчора аб гэтым вельмі доўга гаварылі. Я вельмі рады, што вы як сапраўдны сябар беларускага народа разумееце, што наперадзе ой колькі яшчэ работы. Цяжкай работы, мірнай работы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І вы павінны ведаць, што ў Беларусі — вашы надзейныя сябры. Нашы магчымасці вы ведаеце».

Улічваючы, што напярэдадні ў прэзідэнтаў адбылася нефармальная пяцігадзінная размова сам-насам, прыспешваць перагаворны працэс яны не сталі. У гэты час міністры маглі падзяліцца з журналістамі падрабязнасцямі сустрэч са сваімі калегамі. Як расказаў кіраўнік Мінсельгасхарча Іван Крупко, профільныя ведамствы Беларусі і Азербайджана ў бліжэйшы час створаць «сур’ёзную групу», каб адпрацаваць пытанні паставак прадуктаў харчавання, супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і стварэнне сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў. Напрамак не менш сур’ёзны, чым прамысловасць: з 2016 па 2020 год аб’ёмы паставак беларускіх прадуктаў харчавання і сельгаспрадукцыі павялічыліся з $6 млн да $30 млн.

Праз некаторы час на перагаворы былі запрошаны дэлегацыі, аднак журналістам дазволілі толькі ўбачыць сустрэчу ў шырокім фармаце. Падрабязнасцямі прэзідэнты дзяліліся пазней ужо — на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ. Першым слова ўзяў азербайджанскі лідар: «Нашы адносіны правераны часам, маюць вельмі доўгую гісторыю. Паміж намі ніколі не было ніякіх нявырашаных пытанняў».

Паводле яго слоў, на перагаворах сустаршыні міжурадавай камісіі далажылі аб праведзенай рабоце, былі вызначаны напрамкі супрацоўніцтва для дыверсіфікацыі і павелічэння тавараабароту. Ні для каго не сакрэт, што сума гандлю паміж Беларуссю і Азербайджанам часта залежыць ад аб’ёмаў паставак нафты. Ільхам Аліеў заявіў, што ў гэтым напрамку супрацоўніцтва будзе толькі развівацца. Напэўна, гэта быў публічны адказ на прапанову кіраўніка беларускай дзяржавы, якая прагучала раней. «Думаю, мы значна перавысім аб’ём мінулагодніх паставак. Маршрут пратэсціраваны, праект узаемавыгадны. І мы нацэлены на тое, каб пашыраць супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, гэта значыць не толькі пастаўкі сырой нафты на беларускія НПЗ», — сказаў Прэзідэнт Азербайджана.

Бакі дэталёва таксама абмеркавалі ўдзел беларускіх кампаній у аднаўленні тэрыторый, пацярпелых у выніку нагорнакарабахскага канфлікту. Гэтыя рэгіёны трэба фактычна адбудоўваць нанова: узводзіць жыллё, развіваць інфраструктуру, ствараць прадпрыемствы. Улічваючы, што гэта ў асноўным землі сельскагаспадарчага прызначэння, беларускі вопыт будзе вельмі дарэчы. Краіна гатова аказаць садзейнічанне ў будаўніцтве аграпрамысловых прадпрыемстваў, аграгарадкоў і іншай інфраструктуры, а таксама ў абучэнні кадраў, пастаўках прамысловай і пасажырскай тэхнікі.

Вынікам канфлікту ў Нагорным Карабаху, сапраўды, было ўдзелена шмат увагі. Гэта складаная тэма, яшчэ адно тонкае пытанне ў міжнародным парадку дня для многіх краін і не толькі гэтага рэгіёна.

Telegram-каналы напярэдадні візіту, як звычайна, спрабавалі нагнятаць: каго ж павіншуе Прэзідэнт Беларусі ў гэтай сітуацыі? Кіраўнік дзяржавы не мог не адрэагаваць і даў выразны адказ. Як гаворыцца, не падкапаешся.

«Мы шчыра вітаем дамоўленасці аб поўным спыненні ваенных дзеянняў у зоне нагорнакарабахскага канфлікту. Гэта важнае палітычнае рашэнне, якое павінна стаць асновай трывалага міру ў рэгіёне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — З чым я хачу павіншаваць народ Азербайджана і народ Арменіі — з заканчэннем гэтай страшнай трагедыі, якая доўжылася 30 гадоў».

Прэзідэнт адзначыў, што яго пазіцыя добра вядома ўсім: у гэтым канфлікце ён заўсёды быў за людзей. «Я заўсёды задаваў пытанне: скажыце, у Карабаху людзі шчаслівыя, што яны там жывуць пастаянна пад гэтым цяжарам? Ім што, добра там? Дык гэту праблему трэба неяк вырашаць. А сёння я сапраўды хачу павіншаваць і народ Азербайджана, і народ Арменіі з заканчэннем гэтага сумнага, калі не сказаць больш, перыяду ў іх гісторыі. Прэзідэнт маладзец, ён сказаў: «Мы хочам перагарнуць гэту старонку». Вось мая пазіцыя, маё пажаданне: дай бог, каб выраўнялася гэта бяда, каб не было нейкіх асколкаў у душы і сэрцы ў армянскага і азербайджанскага народаў».

Прычым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вырашэнне канфлікту — гэта толькі першы крок, наперадзе велізарная работа па аднаўленні гэтых тэрыторый.

Калі сумленна, у Азербайджана на ажыўленне гэтага рэгіёна могуць пайсці нават не гады або пяцігоддзі, а дзесяцігоддзі. Але супакойвае адно: гэта краіна гатова да напружанай і доўгай работы. На гэта будуць выдзелены велізарныя сродкі.

Вяртаючыся да двухбаковага парадку дня, кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў час перагавораў 13 і 14 красавіка бакі правялі грунтоўную рэвізію адносін. «Ёсць яснасць адносна далейшых сумесных дзеянняў ва ўмовах крызісу сусветнай эканомікі, пандэміі і, самае галоўнае, неадназначных прагнозаў на перспектыву», — сказаў ён.

У час перагавораў шмат увагі было ўдзелена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву і пераходу на новую стадыю кааперацыі. Размова ідзе аб трансферы тэхналогій і адкрыцці ў Азербайджане новых сумесных прадпрыемстваў — для стварэння неабходных вытворчасцей і новых рабочых месцаў. «Мы гатовы падставіць сваё плячо і зрабіць гэта адказна», — заявіў Прэзідэнт.

Вялікі патэнцыял для кааперацыйных сувязей беларускі бок бачыць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, дрэваапрацоўцы, інфармацыйных тэхналогіях, ахове здароўя, турызме, адукацыі. Добрыя перспектывы бачацца ў паглыбленні ўзаемадзеяння ў навукова-тэхнічнай і ваенна-прамысловай сферах. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што паслом Беларусі ў Азербайджан нядаўна быў назначаны былы міністр абароны Андрэй Раўкоў і пытанні ВПК ён ведае дасканала.

Бакі таксама прааналізавалі, як развіваецца пандэмічная сітуацыя ў свеце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі пачынаецца масавая вакцынацыя насельніцтва, для гэтых мэт будуць выкарыстоўваць створаныя ў краіне па расійскіх тэхналогіях прэпараты. Аднак увесь аб’ём вырабленых вакцын Беларусь спажыць не зможа, таму іх гатовы экспартаваць, у тым ліку і ў Азербайджан. «Гэта было ўспрынята не толькі станоўча, але і з пэўнай надзеяй», — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ў час перагавораў звярнуўся да сваіх міністраў «па-мужчынску»: «Кожны адсюль павінен паехаць з пэўным аб’ёмам работы. Беларускі міністр павінен знайсці сабе тут работы, тым больш Прэзідэнт шырока адкрыў дзверы для беларусаў, для іх работы ў гэтай краіне».

Прэзідэнт запрасіў Ільхама Аліева з візітам у адказ у Беларусь, дадаўшы, што некаторыя пункты праграмы яго візіту ўжо намечаны. «Мы заўсёды былі і застанёмся надзейнымі сябрамі вашай краіны», — рэзюмаваў беларускі лідар.