Мінфін вызначыў парадак пералічэння заробленых на рэспубліканскім суботніку сродкаў

Важное

Мінфін вызначыў, як будуць пералічвацца грашовыя сродкі, заробленыя на рэспубліканскім суботніку ў 2021 годзе. Гэта прадугледжана пастановай Мінфіна ад 12 красавіка 2021 года нумар 31, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Дакументам вызначана, што рэспубліканскія органы дзяржкіравання і іншыя дзяржарганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, іншыя арганізацыі пералічваюць грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, на асобныя банкаўскія рахункі рай- і гарвыканкамаў.

Некамерцыйныя арганізацыі пералічваюць наяўныя грашовыя сродкі ў памерах, вызначаных добраахвотна іх калектывамі, на асобныя рахункі рай- і гарвыканкамаў або на бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак арганізацыі (з наступным пералічэннем іх на асобныя рахункі рай- і гарвыканкамаў).

Раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты штодзённа пералічваюць на асобныя рахункі абласных выканаўчых камітэтаў атрыманыя ад суботніка грашовыя сродкі.

Аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам штодзённа пералічваюць 50 працэнтаў гэтых сродкаў на асобны банкаўскі рахунак Міністэрства фінансаў у Нацыянальным банку.

Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.