Наступствы ўхілення ад выплаты штрафу

Закон и порядок Общество

У пракуратуры Валожынскага раёна прааналізавана практыка прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад выплаты штрафу.

Парадак выканання пакарання ў выглядзе штрафу рэгламентуецца арт. 29-30 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Асуджаны абавязаны выплаціць суму штрафу ў 30-дзённы тэрмін з дня ўступлення прыгавора ў законную сілу. У выпадку, калі ён не мае магчымасці адначасова выплаціць штраф, суд па яго хадайніцтве і заключэнні судовага выканаўцы можа адтэрмінаваць або растэрмінаваць выплату на тэрмін да аднаго года.

Пры нявыплаце асуджаным штрафу ва ўстаноўлены тэрмін без уважлівых прычын і ўхіленні ад выплаты пры наяўнасці рэальнай магчымасці выканання дадзенага пакарання судовы выканаўца афіцыйна папярэджвае асуджанага аб недапушчальнасці такіх паводзін, аб чым робіцца адзнака ў выканаўчых дакументах.

У выпадку, калі асуджаны пасля афіцыйнага папярэджання працягвае ўхіляцца ад выплаты штрафу пры магчымасці яго выплаціць, судовы выканаўца накіроўвае ў орган папярэдняга следства матэрыялы для ажыццяўлення крымінальнага праследавання.

У адпаведнасці з арт. 418 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ухіленне асуджанага ад пакарання ў выглядзе штрафу, прызначанага прыгаворам суда, пры магчымасці яго выплаціць караецца арыштам.

Нягледзячы на тое, што штраф з’яўляецца адным з найменш строгіх пакаранняў, прадугледжаных законам, маюцца неадзінкавыя факты ўхілення грамадзян ад яго выплаты.

Так, у мінулым перыядзе 2021 года пракуратурай Валожынскага раёна накіраваны ў суд 3 крымінальныя справы ў дачыненні да асоб, якія абвінавачваюцца паводле арт. 418 КК.

Напрыклад, па прыгаворы суда Валожынскага раёна асуджаны жыхар раёна Р. Устаноўлена, што абвінавачаны ў сакавіку 2017 года быў асуджаны за ўчыненне крадзяжу да пакарання ў выглядзе штрафу ў памеры 30 базавых велічынь. Дакладна ведаючы аб сваім абавязку ў месячны тэрмін выплаціць штраф, будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад выплаты, мужчына якіх-небудзь мер да працаўладкавання і выплаты штрафу не распачаў без уважлівых прычын.

Судом Валожынскага раёна гэты грамадзянін прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 418 КК, на падставе якога яму прызначана пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 2 месяцы.

Варта звярнуць увагу, што асуджэнне асобы за ўхіленне ад пакарання ў выглядзе штрафу не вызваляе вінаватага ад абавязку выплаціць раней прызначаны штраф у суме 690 рублёў: дадзенае пакаранне ў адпаведнасці з ч. 1 арт. 73 КК цалкам далучана да пакарання ў выглядзе арышту.

У выпадку наступнага ўхілення ад выплаты штрафу асуджаны можа быць паўторна прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт. 418 КК.

Аляксандр ЛЯЎКОВІЧ,
пракурор Валожынскага раёна