Рыхтуемся да Дня Перамогі

Общество

У рамках акцыі “Захаваем памяць на стагоддзі” члены пярвічнай арганізацыі філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” на чале са старшынёй прафкама Таццянай Іосіфаўнай РАДЗЬКО і сумесна са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Таццянай Фёдараўнай ЦІГАНІНАЙ прынялі актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні помніка загінуўшым партызанам у вёсцы Белакорац. Прыбралі тэрыторыю, пафарбавалі агароджу, бардзюры, элементы помніка, пасадзілі кусты язміну, прывялі ў парадак клумбы.

Штогод напярэдадні Дня Перамогі праводзяцца суботнікі па добраўпарадкаванні пахаванняў, памятных месцаў і абеліскаў. Гэтыя маўклівыя мемарыялы захоўваюць у сабе памяць пра падзеі ваенных гадоў – нагадваюць пра жорсткасць фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пра тое, якую непамерную горыч страты панёс беларускі народ.

Сёння, як і дзесяцігоддзі таму, мы ні на адзін дзень не павінны забывацца, што магчымасць мірна жыць дасталася надзвычай дарагой цаной, і з гонарам шанаваць памяць пра тых, хто адстаяў для нас і нашых дзяцей родную краіну.

Правядзенне падобных мерапрыемстваў стала ўжо традыцыяй. Нашчадкі мужных змагароў перакананы: каб памяць пра абаронцаў Беларусі заўсёды жыла ў нашых сэрцах і перадавалася з пакалення ў пакаленне, важна, каб яна знаходзіла сваё адлюстраванне ў добрых намерах і справах.

Вераніка ЗАГОРСКАЯ,

старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў