Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

На дадзены момант пад аховай Валожынскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь знаходзяцца 87 аб’ектаў юрыдычных асоб, а таксама 164 кватэры, жылыя дамы ў Валожыне і 122 – у населеных пунктах раёна.

Службу сваю ахоўнікі выконваюць сумленна: за 2020 год і сёлета з замацаваных аб’ектаў не дапушчана крадзяжоў маёмасці. Сярэдні час на прыбыццё экіпажаў па сігнале трывогі – 2-3 хвіліны. За першы квартал бягучага года ўзяты пад ахову 4 памяшканні, якія належаць фізічным асобам, і 3 аб’екты – юрыдычным асобам. Сёлета пачалі падключаць пад відэаназіранне жылы сектар. Пакуль што толькі адзін жыхар раёна пажадаў устанавіць камеры відэаназірання ў сваім жыллі.

Дастаткова прадстаўнічая каманда медыкаў раёна на чале з галоўным урачом Паўлам Алегавічам Ганчаром праходзіць у красавіку курсы павышэння кваліфікацыі.

Галоўны ўрач, а таксама ўрач-педыятр дзіцячай кансультацыі Алена Уладзіміраўна Гарбачэўская, урач-педыятр (загадчык) Ракаўскай участковай бальніцы Святлана Леанідаўна Гардзей, урач-псіхіятр нарколаг райпаліклінікі Крысціна Сяргееўна Падбярозкіна павышаюць прафесіянальны ўзровень на курсах пры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. А ўрач агульнай практыкі Ракаўскай участковай бальніцы Арцём Васільевіч Шастак – пры Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце. Загадчыца Сакаўшчынскага ФАПа Алена Фёдараўна Кадырка і медстатыстык бальніцы пабывалі на курсах пры Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы ў Мінску, а медсястра ліцэя Таццяна Уладзіміраўна Будзько – у Слуцкім каледжы. Трохмесячную перападрыхтоўку па фізіятэрапіі ў сталіцы з 28 красавіка па 27 ліпеня будзе праходзіць медыцынская медсястра Вішнеўскай амбулаторыі агульнай урачэбнай практыкі Лілія Мікалаеўна Гурская.

Многія ветэранскія арганізацыі ў сельвыканкамах набылі новых кіраўнікоў. Таксама распачата актыўная работа па стварэнні пярвічных ветэранскіх арганізацый у буйных працоўных калектывах.

Сёлета пярвічную арганізацыю Вішнеўскага сельвыканкама ўзначаліў Міхаіл Данілавіч Журкевіч, Дорскага – Валерый Фёдаравіч Селівон, Івянецкага і Пяршайскага сельвыканкамаў – Галіна Баляславаўна Шыкуць і Галіна Юзэфаўна Лемантовіч. Гэтыя людзі добра вядомыя не толькі ў сваіх населеных пунктах, у іх актыўная грамадзянская пазіцыя. Адбыўся ўстаноўчы сход пярвічнай ветэранскай арганізацыі раённага камбіната бытавога абслугоўвання, на якім старшынёй абрана Данута Вікенцьеўна Сцефаноўская. На чарзе сходы ў раённым аддзяленні Белаграпрамбанка і іншых калектывах раёна.

Дробязь, але вельмі прыемная. Не першы год запар ААТ “МінскСортНасенАгародніна” бязвыплатна перадала раённай арганізацыі таварыства інвалідаў больш за 1000 пакецікаў насення агародніны і кветак.

Члены арганізацыі змогуць атрымаць насенне ў Валожыне і Івянцы. А ў дадатак – па некалькі аднаразовых ахоўных масак. Старшыня праўлення В. А. Субач атрымаў у якасці гуманітарнай дапамогі 700 масак. Таксама паступіла чарговая партыя гуманітарнага грузу – адзення і абутку. Пра яго выдачу будзе паведамленне ў групе таварыства ў Вайберы.

На балансе РУП “Валожынскі жылкамунгас” 32 могілак на тэрыторыі раёна. Двое могілак закрытыя – гэта старадаўнія яўрэйскія пахаванні ў Валожыне і Ракаве.

У красавіку камунальнікі ўзяліся за добраўпарадкаванне гэтых аб’ектаў. Новая драўляная агароджа ўстаноўлена на могілках у раёне вёскі Рачаняты Валожынскага сельсавета. Работамі займалася будаўнічая брыгада камунгаса. Зараз аналагічная агароджа ўстанаўліваецца на могілках у раёне вёскі Подбалаць таксама Валожынскага сельсавета. На чарзе добраўпарадкаванне месцаў апошняга спачыну жыхароў у аграгарадках Вішнева і Доры.

Члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Марыю Мучынскую днямі прынялі ў рады Міжнароднага саюза рускамоўных пісьменнікаў, што натхняе нашу зямлячку, ураджэнку вёскі Дубіна, на яшчэ большую творчую актыўнасць.

Апошняе дасягненне паэткі – Дыплом трэцяй ступені ў бліц-турніры па карціне вядомага мастака Сальвадора Далі пра гадзіннікі. Дарэчы, на конкурс даслалі вершы 55 паэтаў.