Наша Святлана Вітольдаўна ФЕДАРАКА. Хто яна?

Общество

У 1986 годзе скончыла геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. З 1989 года выкладае геаграфію ў гімназіі № 1 г. Валожына. На сёння яна – кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў вучэбных прадметаў “Геаграфія” і “Чалавек і свет”, пераможца абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009”, удзельніца рэспубліканскага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009”, член савета абласнога клуба педагагічных работнікаў Мінскай вобласці “Флагман”, член рэспубліканскага клуба добраахвотнай незалежнай грамадскай арганізацыі педагогаў “Крыштальны журавель”, настаўніца-метадыст, аўтар вучэбна-метадычнага комплексу факультатыўнага курса “Валожыназнаўства”, аўтар публікацый у часопісах “Геаграфія. Праблемы выкладання”, “Народная асвета”, “Веснік адукацыі”, у “Настаўніцкай газеце”.

Праца педагога-прафесіянала неаднаразова адзначалася Ганаровымі граматамі рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. Нарыс пра настаўніцу валожынскай гімназіі змешчаны ў кнізе “З любоўю да дзяцей” у рубрыцы “Педагогі, якія ўнеслі ўклад у развіццё педагагічнай навукі” (выдадзена Упраўленнямі адукацыі і ідэалагічнай работы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта).

С. В. Федарака – прыроджаны педагог. Яна спалучае ў сабе любоў да справы і да вучняў і ў поўнай меры ўвасабляе вобраз дасканалага настаўніка. Яна аддае энергію, розум і талент, сваё жыццё ў імя таго, каб кожны вучань стаў сапрадным грамадзянінам, чалавекам з высакароднай душой. Мы папрасілі Святлану Вітольдаўну адказаць на некалькі пытанняў.

– Хто ці што паўплывалі на выбар Вашай прафесіі?

– З самага дзяцінства марыла стаць настаўніцай – як і мая матуля Ніна Фёдараўна Федарака. Яна працавала настаўніцай пачатковых класаў. Я дапамагала ёй пісаць планы, правяраць сшыткі і праніклася настаўніцкай прафесіяй.

– А чаму геаграфія?

– Вучылася ў сярэдняй школе № 1 г. Валожына. І геаграфію ў нас выкладала Святлана Саламонаўна Бушланава. Менавіта гэта таленавітая і крэатыўная настаўніца паўплывала на выбар маёй прафесіі. Чалавек найвышэйшай унутранай культуры і цалкам аддадзены абранай любімай рабоце і дзецям. Зместам свайго прадмета для вучняў я адкрываю свет таямніц, разнастайнасцей прыроды, жыцця і побыту людзей у ёй. Свет магутнай велічы прыроды і адначасова яе ранімасці і безабароненасці. Свет навуковых спрэчак, паражэнняў і, абавязкова, перамог.

– Вы займаецеся любімай справай усё жыццё. І Ваша работа прыносіць плён. Чым ужо зараз можаце ганарыцца?

– Справядліва сказана, што пісьменнік жыве ў творах, мастак – у карцінах, кампазітар – у створанай ім музыцы. А настаўнік жыве ў думках і ўчынках сваіх вучняў. Менавіта яны і іх перамогі з’яўляюцца маім гонарам. Створаная атмасфера навуковага пошуку, узаемадзеяння і супрацоўніцтва паміж мной і вучнямі прыводзіць да выніковага ўдзелу іх у прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, вынаходніцкіх конкурсах на розных узроўнях. Адзін мой вучань узнагароджаны дыпломам 3-й ступені на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі (2013 г.) і з’яўляўся стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і моладзі. Пяць вучняў удастоены Дыпломаў на рэспубліканскіх конкурсах вынаходніцкіх работ. Самы вялікі гонар – вучань, які перасягнуў сваю настаўніцу: Дзмітрый Курловіч. Зараз ён ужо Дзмітрый Міраслававіч – кандыдат геаграфічных навук, дацэнт, дэкан геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

Я ганаруся тым, што стала пераможцам конкурсу “Настаўнік года Мінскай вобласці-2009”, а на рэспубліканскім этапе – уладальніцай дыплома Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “За эфектыўнае выкарыстанне сучасных сродкаў навучання”. Ганаруся, што маю кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” і з’яўляюся аўтарам навукова-метадычнага комплексу “Валожыназнаўства”. Яшчэ – што з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі атрымала высокую ўзнагароду – медаль “За працоўныя заслугі”.

– Раскажыце, калі ласка, чым цікавіцца настаўнік-прафесіянал і звычайны чалавек Святлана Федарака?

– Кола маіх прафесійных інтарэсаў і інтарэсаў звычайнага чалавека шырокі: ад метадычнай работы з настаўнікамі і навукова-даследчых пошукаў з настаўнікамі да рамантычнай паэзіі сярэбранага веку і класічнай аркестравай музыкі. Люблю слухаць Антоніа Вівальдзі, Фрыдарыка Шапэна, Рыхарда Вагнера. З сучасных кампазітараў перавагу аддаю Радыёну Шчадрыну, Піліпу Гласу. У вольны час перачытваю Ганну Ахматаву, Канстанціна Бальмонта, Фёдара Салагуба. І кожны раз – з новым сэнсам, з новымі эмоцыямі.

Людміла ПРЫВАЛ,

вядучы спецыяліст Валожынскай раённай арганізацыі

РГА “Белая Русь”