ПЕРААДОЛЕЛІ ЯЗЫЛЬСКІЯ МІЛІ

Спорт

Штогадовы Нацыянальны фестываль бегу адбыўся нядаўна ў Старых Дарогах у 24-ы раз.

Стартаваў ён раніцай у вёсцы Языль. Нагадаю, што нарадзілася гэта цудоўнае лёгкаатлетычнае свята ў далёкім ужо 1988 годзе, дзякуючы энтузіязму мясцовага настаўніка фізкультуры Мікалая Грузда.

Гэта знакамітая цяпер не толькі ў Беларусі вёска знаходзіцца зусім недалёка ад Старых Дарог, таму па традыцыі першым стаў забег “Шаснаццаць фестывальных міль” – якраз адлегласць ад яе да райцэнтра. Затым на старт “пяцісотметроўкі” выйшлі самыя маленькія ўдзельнікі – васьмігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Юныя “спрынтары”, напэўна, хваляваліся больш за астатніх, бо змагаліся за прызы алімпійскай чэмпіёнкі, заслужанага майстра спорту СССР Таццяны Лядоўскай, што было вельмі ганарова. Сёлета ўпершыню ў праграме нацыянальнага фестывалю з’явіўся і “Карпаратыўны забег” для прадстаўнікоў арганізацый і працоўных калектываў, дыстанцыя ў іх была міні-марафонская.

У “Беларускай вярсце” ўдзельнічалі дзеці ўзростам ад 11 да 16 гадоў. Прыемна, што ў чарговы раз свае добрыя вынікі паказалі тут юныя спартсмены Валожыншчыны. На дыстанцыі “Адна вярста” (1097 метраў) 1-е месца заняла шасцікласніца Івянецкай сярэдняй школы, выхаванка аддзялення лёгкай атлетыкі ДЮСШ Сняжана Бурачэўская. Пераможца атрымала медаль і грамату, а таксама грашовую прэмію – 105 тысяч рублёў. 3-е месца на гэтай жа дыстанцыі сярод хлопчыкаў 1998 года нараджэння заняў васьмікласнік з Івянца Уладзімір Княжэвіч. Трэніруюць юных бегуноў выкладчыкі спартыўнай школы Аляксандр Станіслававіч Чарняўскі і Анастасія Валяр’янаўна Паталей. За каманду нашага раёна выступалі і былыя івянецкія школьнікі, а зараз выхаванцы Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, што ў Мінску, Сяргей Халапук і Плешчаніцкага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву Алёна Альхімовіч. На дыстанцыі “Міні-марафон” (3 кіламетры 400 метраў) яны абое сталі трэцімі.

Аднак усе прысутныя на цэнтральнай плошчы горада з нецярпеннем чакалі пачатку барацьбы на галоўнай 10-каламетровай дыстанцыі. Сотні аматараў бегу ва ўзросце ад 16 да 70 гадоў спяшаліся да фінішу, дзе пераможцу чакаў вялікі грашовы прыз – тры мільёны рублёў. У “Языльскай дзесятцы”, а гэта 10 кіламетраў, прымаў удзел і наш зямляк, шматразовы прызёр разнастайных забегаў і спаборніцтваў Тадэвуш Жаўток, які ў абсалюце фінішаваў чацвёртым і атрымаў грашовую прэмію 250 тысяч рублёў. Дарэчы, зусім нядаўна гэты спартсмен-аматар удзельнічаў і ў дваццацікіламетровым прабегу па вуліцах сталіцы “Залатая восень” да Дня машынабудаўніка, які арганізавала кіраўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода. У сваёй узроставай групе – старэйшыя за сорак гадоў – ён заняў ганаровае 1-е месца, а ў абсалютным заліку – зноў стаў чацвёртым.

Пасля падвядзення вынікаў спаборніцтваў “Языльскай дзесяткі” адбыўся традыцыйны розыгрыш спартыўнай латарэі для гледачоў, дзе галоўнымі прызамі сталі два сучасныя тэлевізары і двое парасят.

На гэты раз гасцямі спартыўнага свята былі толькі ўкраінскія лёгкаатлеты. На наступны юбілейны, 25-ы забег, арганізатары плануюць запрасіць расіян, палякаў, літоўцаў і латышоў.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий