Творчасць – справа для душы

Культура Общество

Прыгожыя ажурныя сурвэткі вяжа Тамара Сяргееўна ЮРОВІЧ.

Цудоўная выстава “Сакрэты майстэрства” прайшла ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”, дзе былі прадстаўлены работы Тамары Сяргееўны ЮРОВІЧ і Алены Аляксандраўны ЦЫУЛЯ.

Тамара Сяргееўна ўжо не адзін год з’яўляецца актыўным удзельнікам аб’яднання. Гадоў дзевяць назад жыхары і госці Валожына мелі магчымасць наведаць выставу яе вышыўкі “Пялёсткамі кветак усміхаецца лета”. З нядаўняга часу яна пераключылася на вязанне сурвэтак. Гэта патрабуе меншага напружання для вачэй, а сядзець без справы жанчына не можа. Напэўна з малаком маці, якая славілася выдатнай майстрыхай, яна пераняла прагу да рукадзелля. Дзяўчына з прыгожай вёсачкі Доржні, што на Вішнеўшчыне, калі прыйшоў час выбіраць будучую спецыяльнасць, вырашыла звязаць сваё жыццё з дакладным улікам. Пакуль не выйшла на пенсію, працавала бухгалтарам, эканамістам. А душа патрабавала ствараць нешта прыгожае ўласнымі рукамі.

Вышыванне, а цяпер і вязанне шыдэлкам прыносяць асалоду. Тамара Сяргееўна гаворыць, што лепшага адпачынку для сябе нават не ўяўляе. Стараецца хоць гадзінкі дзве ў дзень удзяліць любімай справе. Узоры жанчына, у асноўным, бярэ з часопіса “Ксюша” для аматараў рукадзелля, часам з інтэрнэту. Родныя і блізкія падтрымліваюць яе пачынанні. Вытанчаныя ажурныя сурвэткі адразу прыцягваюць увагу. Наша гераіня ад шчырага сэрца дорыць іх сваякам і сябрам, ну і, канешне ж, упрыгожвае ўласнымі работамі кватэру, бацькоўскі дом.

Алена Аляксандраўна ЦЫУЛЯ дэманструе свае вырабы – кошычкі, што пляце з папяровых трубачак.

Добра вядома, што кожны майстар мае свой непаўторны почырк і яго работы нельга зблытаць з іншымі. Не так даўно знайшла сябе ў творчасці Алена Аляксандраўна Цыуля. Некалькі гадоў яна займаецца пляценнем з папяровых трубачак, паступова ўдасканальваючы майстэрства. Сёння неспецыялісту вельмі складана адрозніць яе кошычкі ад вырабаў з лазы. Кожная работа хоць трошкі адрозніваецца ад іншых пляценнем ці памерам. Бачна, што ў іх укладзена цеплыня працавітых рук майстра. Уражвае прадстаўленая на выставе ваза спіральнага пляцення. Алена Аляксандраўна аддае перавагу натуральным колерам, хаця сустракаюцца ў яе калекцыі і эксклюзіўныя экзэмпляры.

Родам наша гераіня з цудоўнай вёскі Гарадзечна. З гэтай зямлі выйшла шмат выдатных майстроў, у свой час там дзейнічаў Дом рамёстваў. У сям’і Алена была трэцім дзіцем, жыццё было нялёгкім. Паколькі бацька ў пяць гадоў ад хваробы страціў зрок, дзецям і жонцы прыйшлося стаць яго вачамі. На малых ляжала шмат хатніх абавязкаў, і часу на гульні зусім не заставалася. Калі стала дарослай, да выхаду на заслужаны адпачынак жанчына шчыравала ў пластмасавым цэху.

З малку прывучаная да працы, яна і сёння не можа сядзець склаўшы рукі. Гады чатыры назад, тады пасябравала з інтэрнэтам, пазнаёмілася з пляценнем з трубачак і асвоіла гэту справу. Калі пачынае новы выраб, Алена Аляксандраўна ўжо ясна ўяўляе, для чаго яго можна будзе прымяняць. Дзеці і ўнукі з задавальненнем ужываюць у быце разнастайныя вазы, кошычкі і выкарыстоўваюць іх для афармлення падарункаў сваім сябрам і знаёмым.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара