Позняя восень і зімовы перыяд у нашым рэгіёне заўсёды звязаны з павелічэннем вострых рэспіраторных вірусных інфекцый (ВРВІ). Нават у людзей з моцным імунітэтам зімой ахоўныя сілы арганізма слабеюць. Асноўныя прычыны гэтага – недахоп вітамінаў (асабліва вітаміна С), пераахаладжэнне, нервовыя стрэсы, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю, прыём антыбіётыкаў і іншыя фактары.
Менш хварэюць на грып фізічна актыўныя людзі, якія шмат часу праводзяць на свежым паветры, правільна і рацыянальна харчуюцца, не маюць шкодных звычак. У перыяд з лістапада да мая рэкамендуецца прымаць вітамінныя прэпараты, перавагу аддаваць натуральным, раслінным, напрыклад, настою пладоў шыпшыны, сокам абляпіхі, чорных парэчак і інш.
Адзіным метадам спецыфічнай прафілактыкі грыпу з’яўляецца вакцынацыя. Зробленая сучаснымі супрацьгрыпознымі вакцынамі, яна абараняе ад захворвання грыпам каля 80 працэнтаў здаровых дарослых і дзяцей. Зрабіць прышчэпку супраць грыпу можна ў медыцынскіх установах па месцы жыхарства (паліклініках, урачэбных амбулаторыях, участковых бальніцах).
Калі вы прастудзіліся:
– хаця б тыдзень паляжыце ў пасцелі. Тады хвароба пройдзе хутчэй, і вы “не падорыце” вірусы спадарожнікам у транспарце ці саслужыўцам;
– ужывайце не менш за 2 літры вадкасці ў дзень. З ёй з арганізма выводзяцца прадукты інтаксікацыі;
– адмоўцеся ад цяжкай мясной ежы, пераключыцеся на малочна-раслінныя стравы;
– прымайце вітамін С, бо ён павышае выпрацоўку інтэрферона, стымулюе дзейнасць імуннай сістэмы;
– каб не заразіць хатніх, без неабходнасці не выходзьце з пакоя, а калі ўзнікне такая патрэба, надзеньце маску з 6 слаёў марлі. Не карыстайцеся традыцыйнымі тканевымі насавымі хустачкамі, замяніце іх аднаразовымі сурвэткамі;
– часцей мыйце рукі;
– абавязкова праветрывайце пакой. Цяжкае, з вірусамі паветра таксама небяспечнае.
Вольга СЯЛІЦКАЯ,
урач-эпідэміёлаг