Жывая размова на роўных

Общество

Дыялог праходзіў ажыўлена і вынікова.

У аўторак адбылася раённая маладзёжная дыялогавая пляцоўка на тэму: “Беларусь – гэта мы!”. Удзел у ёй прынялі маладыя работнікі і кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Яўгенам Міхайлавічам КРУКОВІЧАМ. Мерапрыемства прайшло ў турыстычным інфармацыйным і рэкрэацыйным цэнтры, што па вуліцы Набярэжнай у Валожыне.

Праблемы і пажаданні пачуты. Іх ужо вырашаюць.

Педагогі, бібліятэкары, юрысты, урачы, інжынеры, эканамісты – у кожнага з іх была магчымасць задаць пытанне і атрымаць адказ з першых вуснаў. Кіраўнік раёна адразу ж акрэсліў фармат сустрэчы – адкрытая размова аб тым, што хвалюе. Яўген Міхайлавіч адзначыў, што ён зацікаўлены, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся на Валожыншчыне, стваралі сем’і і трывала пускалі тут свае карані. І дзеля гэтага робіцца многае. Асноўная задача вертыкалі ўлады – ствараць умовы для годнага жыцця, плённай працы, карыснага адпачынку. “Хто, як не мы, будзем займацца нашым грамадскім жыццём, – падкрэсліў ён. – Самае галоўнае для чалавека – быць камусьці патрэбным. І сёння гэта, як ніколі, магчыма”.

Кожны з маладых работнікаў расказаў пра сябе: адкуль ён родам, што скончыў, як уладкаваўся на першым рабочым месцы. Высветлілася, што большасць з прысутных – карэнныя жыхары нашага раёна, і пасля атрымання дыплома вярнуліся на сваю маленькую радзіму падрыхтаванымі спецыялістамі. Былі прадстаўнікі з іншых рэгіёнаў і нават абласцей – Брэсцкай, Магілёўскай, Гомельскай, якія патрапілі да нас па размеркаванні. Моладзь станоўча адгукалася пра калектывы, дзе яны працуюць, падкрэсліваючы, што кіраўніцтва не пакідае іх без увагі, адзначалі добразычлівыя адносіны з боку старэйшых калег.

Некаторыя задавалі і пытанні. У прыватнасці, прагучала прапанова абсталявання спартыўнай пляцоўкі, каб была магчымасць пагуляць у валейбол ці баскетбол; узнімалася праблема адсутнасці гарачай вады ў інтэрнаце льнокамбіната, а таксама буфета ў сталовай СШ № 2 райцэнтра; было выказана пажаданне ўстаноўкі лавачак у зоне адпачынку ля гарадскога возера; просьба ў набыцці пакрыцця для аркі на пляцоўцы, што ў дзіцячым гарадку. Усе гэтыя пытанні кіраўнік узяў на асабісты кантроль.

Прыемным момантам мерапрыемства стала ўзнагароджанне маладзёжных актывістаў. У прыватнасці, падзякамі старшыні райвыканкама былі адзначаны загадчык гаспадарчай часткі РЦК Ігар Ігаравіч Шарко, настаўнік па класе дзіцячага прыкладнога мастацтва Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Сяргей Андрэевіч Пупко, педагог-арганізатар гімназіі № 1 г. Валожына Ілона Леанідаўна Макарэвіч, інжынер перасоўнай механізаванай калоны райаграпрамтэхнікі Мікіта Міхайлавіч Зянько.

Як адзначылі ўдзельнікі маладзёжнай дыялогавай пляцоўкі, такія сустрэчы вельмі карысныя і патрэбныя: яны даюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца адзін з адным, даведацца, хто чым жыве і цікавіцца, каго што хвалюе. Прыемна, што мясцовая ўлада ідзе насустрач – гатова пачуць, дапамагчы і падтрымаць у пачынаннях, якія спрыяюць развіццю раёна, адкрыта гаворыць, што можа зрабіць, а дзе давядзецца пачакаць. А самае галоўнае для маладых работнікаў – жывая размова на роўных: яна напаўняе пазітыўнай энергіяй і надае аптымізму.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея САДОЎСКАГА